Верасень з Леанідам Галубовічам.
Натхняльная восень. Ахутае цёплым покрывам лістоты ці праніжа колкім ветрам. Гляне ў самае сэрца з апошнім бурштынавым промнем, сагрэе ці ўвядзе ў зман халоднай залевай. Атуліць дзівосным покрывам, а потым раптам сарве яго, пакінуўшы даверлівую душу сам насам з маразамі. Восень дае моц і дае спакой. Восень вяртае да сабе і адбірае апошнюю надзею. Восень пачатк і канец. Але ж няхай кожны абірае сам, якой будзе для яго гэтая пара, якім будзе ён сам.
| Мастак У. Пракапцоў «Вераснёвыя мелодыі пад Ракавам» |
Кнігу вершаў «Таемная споведзь» вы можаце пачытаць у краязнаўчым цэнтры бібліятэкі. Запрашаем па добрае чытанне.
Леанід Галубовіч
ВЕРАСЕНЬ
Ні шолаху, ні шуму.
Жаўцеецца лісцё.
За шэрай шырмай суму
Зацеплена жыццё.
Мільгаецца халодны
Худы птушыны цень –
Крумкач, як смерць жалобны,
Прысеў на цёмны пень.
І доўга несагрэта
Глядзім няўцешна мы
На светлы захад лета,
На чуйны ўсход зімы.
***
Сатканы восеньскі матыў
Сівою вяззю павуціны.
Рудзеюць з вуліцы платы
Перагарэлаю націнай.
...Прасторны сад. І ў ім – адзін,
Нібыта райскі, яблык позні
Між чорных вугальных галін
Датлеў амаль пад ветрам слёзным.
Пад вечар – восень, а зрання
Атуліць сад халодным пухам
Растайны снег, нібы мана,
Якую ты дарэмна слухаў.
Бо гэты снег з галля сцячэ,
А там, мядовым сокам поўны,
Свіціцца будзе ўсё яшчэ,
Нібыта райскі, яблык позні.
***
Хмурная восень злізала пагоркі...
Познія яблыкі ў садзе пагорклі...
Ціха ў душы, нібы ў доме начлежным.
Толькі душа мая мне не належыць.
Хмурнаму небу. Рыжаму долу.
Голаму саду. Мірнаму дому.
Сумнай жанчыне ў роднай Айчыне...
Дзе прыналежна – там і спачыне.



