У гарадской бібліятэцы №6 арганізавана кніжная выстава “Іван Шамякін – летапісец свайго часу” да 105 - годдзя з дня нараджэння.
Пісьменніку не было і трыдцаці гадоў, калі да яго прыйшла літаратурная слава. З цягам часу ён зрабіўся адным з самых вядомых і папулярных пісьменнікаў як у Беларусі, так і за яе межамі. Творы І. Шамякіна складаюць мастацкі летапіс мінулай эпохі, яскрава і ўсебакова раскрываюць лёс беларускага народа ў ХХ стагоддзі. Творам, які прынёс сапраўдную папулярнасць аўтару, быў яго раман “Глыбокая плынь”. Поспех “Глыбокай плыні” (1946 – 1949) быў проста ашаламляльны. У 1951 годзе за гэты твор І. Шамякіну была прысуджана прэстыжная на той час Сталінская прэмія ( пазней яе назвалі Дзяржаўнай прэміяй СССР). У пенталогіі “Трывожнае шчасце” народны пісьменнік Беларусі І. Шамякін на аснове ўласна перажытага паказаў лёс усяго пакалення, якое прайшло праз цяжкія выпрабаванні вайны і ў нялёгкіх пасляваенных умовах аднаўляла родны край. Пісьменніка прыцягвалі перш за ўсё светлыя бакі жыцця, хараство чалавечых адносін, прыгожыя людзі. Без твораў І. Шамякіна нельга зразумець і тую эпоху, якая цяпер стала нашым мінулым і новую, у якой мы жывём сёння. На выставе прадстаўленны жыццяпіс І. Шамякіна, створаны шляхам спляцення фрагментаў аўтабіяграфіі, лістоў, дзённікавых запісаў і ўспамінаў – як самога пісьменніка, так і блізкіх яму людзей і творчая дзейнасць пісьменніка. Выстава будзе дзейнічаць да 20 лютага.
Падрыхтавала Алена Цыбулька.



