Дзяржаўная ўстанова культуры
«Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя. І. Х. Каладзеева»
Адрас:
222520, Мінская вобласць,
г. Барысаў, вул. Чапаева, 3
Тэл / факс: 8 – (0177) 73 21 36
E-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Вэб-сайт: www.borlib.by
Дырэктар установы – Капыток Алена Сяргееўна
Па выніках 2022г., 2024г. бібліятэка імя І.Х.Каладзеева прызначана лепшай у Мінскай вобласти
Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева – сацыякультурны цэнтр Барысаўскага рэгіёна, сучасная інфармацыйная, духоўна-асветніцкая, навукова-даследчая ўстанова, якая забяспечвае накапленне, захаванне і прадастаўленне дакументаў і інфармацыі жыхарам Барысаўшчыны.
Бібліятэка ўзначальвае сетку публічных бібліятэк Барысаўскага раёна, якая ўключае 29 бібліятэк: 7 гарадскіх (у іх ліку: гарадская бібліятэка № 4 – бібліятэка сямейнага чытання, гарадская спецыялізаваная бібліятэка № 5 для інвалідаў па зроку) і 22 сельскія бібліятэкі.
Паслугамі бібліятэк карыстаюцца каля 40 тыс. чалавек, якія наведваюць бібліятэкі рэгіёна больш за 400 тыс. раз у год, ім выдаецца больш за 800 тыс. экз. дакументаў. Штодня ў бібліятэкі Барысаўскага рэгіёна прыходзіць у сярэднім каля 1 тысячы чалавек, у тым ліку ў цэнтральную – 300 чалавек.
Ахоп насельніцтва бібліятэчным абслугоўваннем складае 22%.
Інфармацыйныя рэсурсы складаюць больш за 600 тыс. экзэмпляраў дакументаў. Штогод фонды бібліятэк папаўняюцца новымі кнігамі, перыядычнымі выданнямі, электроннымі і іншымі дакументамі.
Найбольш эфектыўнае інфармацыйна-бібліятэчнае абслугоўванне дасягаецца шляхам стварэння і прасоўвання падрабязнай і актуальнай інфармацыі пра самую бібліятэку і яе дзейнасць на базе новых інфармацыйных тэхналогій. Важным момантам у гэтай працы з’яўляецца наяўнасць у бібліятэкі ўласных вэб-рэсурсаў.
Працягвае актыўна працаваць абноўлены афіцыйны вэб-сайт бібліятэкі http://borlib.by/.
Адной з форм работы з аддаленымі карыстальнікамі ў сетцы Інтэрнэт з’яўляецца стварэнне тэматычных блогаў і прадстаўленне бібліятэчных груп у сацыяльных сетках. У бібліятэк сеткі 25 інтэрнэт-прадстаўніцтваў у блогасферы, сацыяльных сетках: «Одноклассники», «ВКонтакте», Facebook, Інстаграм, YouTube.
Бібліятэкі сеткі каардынуюць сваю дзейнасць сумесна з дзяржаўнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі: установамі аддзела адукацыі, спорту і турызму Барысаўскага райвыканкама, Барысаўскай епархіяй, воінскімі часцямі Барысаўскага гарнізона, ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Барысаўскага раёна», ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», ГА «Беларускі саюз мастакоў», Барысаўскім аддзяленнем ГА «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам», Барысаўскай раённай арганізацыяй Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», Барысаўскай раённай арганізацыяй Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства ратавання на водах» (руск. –ОСВОД) і інш.
Вызначэнне цэнтральнай бібліятэкі як сацыякультурнага цэнтра абумоўлена развіццём за апошнія гады ў яе структуры новых напрамкаў: духоўна-асветніцкага цэнтра, залы літаратуры на замежных мовах, краязнаўчага цэнтра, сектара рэдкай кнігі і калекцыі аўтографаў, карцінная галерэя лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці і Барысаўскага раёна Валерыя Шкарубы, выставачных комплексаў «З’ява», "Праменад", "Чацвёрты паверх", "Акцэнт", "Арт-квартал", а таксама музейна-выставачны комплекс «Партнёры. Сябры. Пабрацімы».
25 лістапада 2017 года адбылося адкрыццё мемарыяльна-выставачнай залы І. Х. Каладзеева і гісторыі вайны 1812 года. У экспазіцыі прадстаўлены планы, мапы, дакументы і матэрыяльныя прадметы, якія раскрываюць гісторыю пасада Нова-Барысаў перыяду жыцця сям’і Каладзеева (другая палова XIX – пачатак XX стагоддзяў). Асобны раздзел прысвечаны дзейнасці барысаўскіх клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі па эпосе напалеонаўскіх войнаў. Адметная асаблівасць экспазіцыі – магчымасць патрымаць экспанаты ў руках, прымерыць элементы ўніформы і зрабіць здымкі на памяць.
У гарадской бібліятэцы № 1 з чэрвеня 2017 г. пачала працаваць музейна-выставачная экспазіцыя «Рарытэт-вінтаж ХХ стагоддзя», прымеркаваная да Года навукі. Знаёмячыся з экспанатамі вінтажнай аўдыётэхнікі, можна прасачыць эвалюцыю развіцця навукова-тэхнічнага прагрэсу, убачыць якім быў свет тэхнічных вынаходак мінулага стагоддзя.
Прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці бібліятэк Барысаўскага рэгіёна з’яўляюцца інфармацыйна-асветніцкая, галерэйна-выставачная, музейная, экскурсійная, міжнародная, адукацыйная, духоўна-патрыятычная праца і арганізацыя карыснага вольнага часу карыстальнікаў.
Сацыякультурнае жыццё бібліятэк звязана з арганізацыяй і правядзеннем мноства культурна-масавых мерапрыемстваў (акцый, конкурсаў, выставаў, пазнавальна-гульнявых і забаўляльных праграм, гутарак, творчых сустрэч з аўтарамі і прэзентацыямі кніг, памятных і юбілейных падзей у жыцці творчых саюзаў і інш.). Напрацягу года праходзіць у сярэднім 4,5 тыс. асветніцкіх мерапрыемстваў. У бібліятэках рэалізуецца больш за 20 міжнародных, рэгіянальных і віртуальных інфармацыйна-адукацыйных праектаў і праграм.
Дзеці дашкольнага, малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту з задавальненнем прымаюць удзел у бібліятэчных акцыях, конкурсах, віктарынах, турнірах, забаўляльна-гульнявых праграмах («Шчасце быць чытачом», «Бібліятэка пад парасонам», «Чытаем дзецям пра вайну», «Роднага горада рысы»,«Вялікая гульнятэка» і інш.).
Для моладзевай катэгорыі чытачоў сістэматычна праводзяцца мерапрыемствы па духоўна-маральным, патрыятычным, эстэтычным выхаванні і адукацыі, папулярызацыі здаровага ладу жыцця (гутаркі «Аб хрышчэнні», «Аб шлюбе», «Беражы здароўе змоладу!», праграма «Воін пад сцягам Хрыста», брэйн-рынг «Шчыт веры: сіла слова або яд брыдкаслоўя», антытытунёвая акцыя «Паліць – здароўю шкодзіць» і інш.).
Для дарослых карыстальнікаў бібліятэкі прапануюць правядзенне прыемнага інтэлектуальнага вольнага часу (работа клубаў, школы праваслаўя, правядзенне творчых сустрэч, літаратурных гасціных, бенефісаў, аглядаў навінак літаратуры і інш.).
Асаблівая ўвага надаецца безбар’ернаму асяроддзю. Для чытачоў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі ў духоўна-асветніцкім цэнтры цэнтральнай бібліятэкі працуюць праваслаўныя клубы «Парус» (для маладых інвалідаў сумесна з аддзяленнем дзённага знаходжання для інвалідаў ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Барысаўскага раёна») і «Возрождение» (для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі сумесна з Барысаўскім аддзяленнем Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам).
Для інвалідаў па зроку працуе гарадская спецыялізаваная бібліятэка № 5, дзе ўсталяваны чытальны комплекс для чытачоў з абмежаваннямі па зроку.
Штогод супрацоўнікі бібліятэкі выступаюць з дакладамі на міжнародных канферэнцыях, форумах, кангрэсах, якія праводзяцца ў Рэспубліцы Беларусь: міжнародны кангрэс «Бібліятэка як феномен культуры», міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні», Беларускія калядныя чытання, адкрытая навукова-практычная канферэнцыя «Каладзееўскія чытанні», форум бібліятэкараў Беларусі «Гуманітарна-асветніцкая дзейнасць бібліятэк у кантэксце агульначалавечых каштоўнасцяў і беларускай дзяржаўнасці» і інш.
На працягу шэрагу гадоў бібліятэка з’яўляецца ўдзельнікам і пераможцам рэспубліканскіх конкурсаў:
Рэспубліканскі конкурс «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры»:
2013 г. – першая прэмія ў намінацыі «За пошукавую і даследчую працу»;
2014 г. – першая прэмія ў намінацыі «За інавацыі ў сферы бібліятэчнай справы»;
2015 г. – першая прэмія ў намінацыі «За падтрымку і развіццё чытання»;
2017 г. – трэцяя прэмія ў намінацыі «За інавацыі ў галіне бібліятэчнай справы».
Рэспубліканскі конкурс «Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання»:
2015 г. – першая прэмія ў намінацыі «Сям’я – спадчынніца маральных і духоўных каштоўнасцей»;
2016 г. – першая прэмія ў намінацыі «Сям’я – спадчынніца маральных і духоўных каштоўнасцей»;
2017 г. – заахвочвальная прэмія ў намінацыі «Гісторыя праваслаўя роднага краю».
У 2017 годзе бібліятэцы прадастаўлены грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры на распрацоўку і рэалізацыю наватарскага праекта «1812 год. Барысаў. Бярэзіна. Памяць...». У рамках рэалізацыі праекта ў выдавецтве ТДА «Чатыры чвэрці» выйшла кніга супрацоўніка краязнаўчага цэнтра В. Кішчанкі «Паданні Барысаўшчыны: міфы і рэальнасць». Гэтак жа 2017 год для бібліятэкі адзначыўся перамогай у намінацыі «Бібліятэчная справа» ў рэспубліканскім конкурсе «Чалавек Года культуры» і ўнясеннем на дошку гонару Барысаўскага раёна па выніках працы за 2016 год.
