Гісторыя бібліятэкі і бібліятэчнай справы ў Барысаве да ліпеня 1941 г.
Першыя кніжныя зборы – папярэднікі бібліятэк – з’явіліся на землях Барысаўшчыны пры кляштарах, цэрквах і касцёлах, рэлігійных таварыствах і школах. Пра час узнікнення «сховішчаў ведаў» застаецца толькі рабіць здагадкі, але можна з упэўненасцю казаць пра фарміраванне невялікіх бібліятэчных збораў ужо ў XVI–XVII стст. Удасканаленне і далейшае развіццё друкарскай справы прывяло да значнага патаннення кніжнай прадукцыі, што ў сваю чаргу спрыяла яе шырокаму распаўсюджванню ў XVIII і асабліва XIX ст.
Буйным кніжным зборам у Барысаўскім павеце валодаў землеўладальнік з Мсціжа, калекцыянер Іосіф Слізень. Па дадзеных на 1845 г. яго бібліятэка налічвала больш за 7 тысяч тамоў. На жаль, пасля смерці збіральніка пра далейшы лёс яго калекцыі нічога невядома.
Публічная бібліятэка ўпершыню адкрылася ў Барысаве пры Доме цвярозасці, які знаходзіўся на Мінскай вуліцы (цяпер вул. 3-га Інтэрнацыяналу). Годам адкрыцця грамадскай бібліятэкі прынята лічыць 1917 г. Першую прыватную бібліятэку адкрыў у 1911 г. уладальнік кнігарні Б. Левін. Мясцовая інтэлігенцыя сабрала грошы і выпісала неабходныя кнігі з губернскага Мінска. З прычыны абмежаванасці доступу бібліятэчным зборам карысталіся падпісчыкі і заможныя пласты насельніцтва. Уласныя бібліятэчныя зборы (пераважна невялікія) мелі дзяржаўныя і навучальныя ўстановы, храмы і рэлігійныя абшчыны, асобныя жыхары Барысава і Нова-Барысава.
Барысаўскія паштоўкі пачатку XX ст.
У Барысаўскім павеце бібліятэчкі мелі ўладальнікі маёнткаў і валасныя ўправы.
Найбуйнейшым прыватным спецыялізаваным кніжным зборам валодаў землеўладальнік, прамысловец і грамадскі дзеяч І. Х. Каладзееў (1859–1914), якому належалі землі на поўдні ад Барысава, а таксама ў пасадзе Нова-Барысаў, дзе знаходзілася цэнтральная сядзіба маёнтка. Зацікавіўшыся гісторыяй краю, І. Х. Каладзееў у другой палове 1880-х гг. прыступіў да фарміравання калекцыі кніг, дакументаў, выяўленчых матэрыялаў па эпосе напалеонаўскіх войнаў (1805–1815) і вайне 1812 года. Збор уключаў бібліятэку (15 тысяч тамоў), гравюры і літаграфіі, графічныя партрэты палкаводцаў, перыядычныя выданні, мапы і планы, афішы і ўлёткі, артэфакты...
Маёнтак І. Х. Каладзеева. Мастацкая рэпрадукцыя з арыгінальнага здымка пачатку XX ст.
«Нова-Барысаўскі збор кніг, рукапісаў, гравюр, планаў і мапаў памешчыка Мінскай губерні І. Х. Каладзеева» набыў шырокую вядомасць у гісторыка-культурных колах Расійскай імперыі і краінах Еўропы. Калекцыя была адкрыта для наведвальнікаў і даследчыкаў. У 1913 г. І. Х. Каладзееў бязвыплатна перадаў больш за 11 тысяч тамоў бібліятэцы ў Маскву, а ў 1915 г. удава збіральніка В. С. Каладзеева перадала астатнюю частку калекцыі (выяўленчыя матэрыялы, даведачную літаратуру і асабісты архіў) Гістарычнаму музею Масквы.
У другой палове 1917 г. бібліятэку з кніжным фондам каля 300 асобнікаў сфармавала мясцовая ячэйка РСДРП (б). Стваральнікам бібліятэкі і адначасова загадчыкам стаў Шнэйдар (імя і імя па бацьку не ўстаноўлены). Па некаторых звестках бібліятэка існавала падпольна ў перыяд германскай (1918) і польскай акупацыі краю (1919–1920).
Да арганізацыі бібліятэчнай справы на прафесійнай аснове савецкія ўлады прыступілі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. У студзені 1919 г. быў створаны Народны камісарыят асветы ССРБ, пры якім створаны пазашкольны аддзел. Адной з задач аддзела стала наладжванне бібліятэчнай работы ў рэспубліцы. Пры кожным павятовым аддзеле народнай адукацыі ствараўся пазашкольны пададдзел. У лютым таго ж года Наркам асветы прыняў рашэнне аб заснаванні пры пазашкольным аддзеле бібліятэчнай секцыі. На з’ездзе павятовых агентаў Мінскай губерні па распаўсюджванню друку сярод насельніцтва (студзень 1919 г.) было прынята рашэнне аб неадкладным забеспячэнні паветаў літаратурай і перыёдыкай, нацыяналізацыі кнігарняў і складоў, стварэнні ў кожным павеце ўласнай бібліятэкі.
«Па пазашкольнаму аддзелу пастаноўлена адкрыць у гор. Барысаве ў памяшканні былой грамадскай бібліятэкі I-ую Барысаўскую Цэнтральную Савецкую бібліятэку», – паведамляецца ў пастанове аддзела народнай адукацыі Барысаўскага павятовага выканкама, якую апублікавала газета «Известия Борисовского уездного Совета Рабочих, Крестьянских и Красноармейских депутатов» у нумары за 5 лютага 1919 г. Месяцам пазней пастанова была прынята абавязковай да выканання. Са справаздачы № 39 пасяджэння калегіі аддзела народнай адукацыі Барысаўскага павятовага выканаўчага камітэта: «Слухалі: Аб адкрыцці бібліятэкі пры аддзеле народнай адукацыі. Пастанавілі: Першую цэнтральную Барысаўскую бібліятэку адкрыць пры аддзеле народнай адукацыі, надаўшы ёй выключна педагагічны характар. Загадчыкам прызначыць таварыша Пракаповіча». Гэта найважнейшая для ўсяго культурнага жыцця Барысава падзея адбылася 6 сакавіка 1919 г. Практычна адначасова на базе Глівінскай валасной бібліятэкі была створана грамадская 1-я раённая бібліятэка ў Нова-Барысаве (раённыя бібліятэкі ствараліся для абслугоўвання жыхароў, якія пражывалі на ўскраінах павятовых гарадоў). Чытачы мелі магчымасць узяць кнігі дадому, пачытаць кніжныя і перыядычныя выданні ў чытальні. Таму, з даты 6 сакавіка 1919 года, прынята весці адлік гісторыі сучаснай Дзяржаўнай установы культуры «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева».
Падборка матэрыялаў з газеты за 1919 г.
Увесну 1919 г. савецкія ўлады прыступілі да нацыяналізацыі прыватнай уласнасці. Гэты працэс закрануў кнігарні, бібліятэкі і бібліяграфічныя калекцыі. Іх уладальнікі абавязваліся «пад страхам адказнасці заявіць аддзелу народнай адукацыі... пра месца захоўвання кніг». У сакавіку таго ж года Барысаўскай цэнтральнай бібліятэцы і школьным бібліятэкам перадалі 12 тысяч 241 асобнік канфіскаванай кніжнай прадукцыі. Да пачатку польскай акупацыі краю ў жніўні 1919 года цэнтральная бібліятэка мела адносна буйны кніжны фонд, у якім сабраліся кніжныя выданні з былой гарадской публічнай бібліятэкі, нацыяналізаваных кнігарняў і асобных збіральнікаў. У прыватнасці, у першыя дні сакавіка 1919 года ў бібліятэку паступілі выданні (дублікаты), якія знаходзіліся ў Нова-Барысаўскім маёнтку І. Х. Каладзеева. Вясной таго ж года Пракаповіча (імя і імя па бацьку не ўстаноўленыя) змяніла Розенблюм Фаіна Рыгораўна, якая загадвала цэнтральнай бібліятэкай да 1927 (?) г. Па некаторых звестках у першай палове 1919 года ў Нова-Барысаве мелася яўрэйская народная бібліятэка.
Па заканчэнні ў 1920 г. польска-савецкай вайны бібліятэчную сетку рэспублікі прыйшлося аднаўляць нанова. Аднаўленне бібліятэк суправаджалася цяжкасцямі матэрыяльнага, арганізацыйнага і кадравага характару. У Барысаўскім павеце мелася толькі 6 бібліятэк, якія, як адзначаецца ў справаздачы Барысаўскага рэвкама, «дрэнна абсталяваныя і застаюцца без кіраўніцтва».
Абмеркаваць задачы бібліятэк ва ўмовах пераводу эканомікі краіны на рэйкі НЭПа была закліканая 1-я Усебеларуская канферэнцыя бібліятэчных работнікаў, якая адбылася 26-28 снежня 1921 г. Галоўным вынікам яе працы стала сфарміраванне адзінай сеткі бібліятэк і зацвярджэнне плана па адукацыі 7 цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм. Арганізацыйным і метадычным цэнтрам Барысаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы стала Барысаўская цэнтральная павятовая бібліятэка. У яе структуру ўваходзілі раённая бібліятэка ў Нова-Барысаве (Першае Нова-Барысаўскае аддзяленне) і 28 валасных аддзяленняў (сельскіх бібліятэк). Загадчыца цэнтральнай бібліятэкай, ажыццявіўшы велізарную працу па ўкамплектаванню кніжнага фонду літаратурай для дзяцей, дамаглася адкрыцця ў бібліятэцы дзіцячага аддзела.
Дзейнасць бібліятэк прыкметна пагоршылася з пераводам устаноў культуры на гаспадарчы разлік. На дзяржаўным забеспячэнні засталіся толькі Барысаўская цэнтральная павятовая бібліятэка і яе Першае Нова-Барысаўскае аддзяленне. Між тым сельскія бібліятэкі, папераводжваныя на бедны мясцовы бюджэт, спынілі існаванне або былі рэарганізаваны ў хаты-чытальні.
Адсутнасць належнага фінансавання стрымлівала развіццё ўсіх бібліятэк рэспублікі. «Бібліятэчная справа пастаўлена дрэнна – акрамя Бабруйска. Пасля пераходу на нэп шмат бібліятэк распалася, засталіся па адной цэнтральнай бібліятэцы толькі ў паветах, у воласцях бібліятэкі перададзеныя хатам-чытальням. На ўзмацненне бібліятэк няма зусім сродкаў. У Барысаве бібліятэка налічвае 10 тысяч тамоў на 1500 чытачоў, з іх 561 том на 1 тысячу дзяцей. У Нова-Барысаве 3 тысячы кніг. Бібліятэка існуе выключна на сродкі падпісчыкаў...», – адзначаецца ў дакладзе Галоўнага палітыка-асветнага камітэта (Галоўпалітасветы) рэспублікі пра стан бібліятэк і хат-чытальняў, які прагучаў 18 красавіка 1923 г. на калегіі Агітацыйна-прапагандысцкага аддзела ЦК КП (б) Б.
У грунтоўнай справаздачы Галоўпалітасветы пра работу бібліятэк за перыяд з 1922 па 1923 гг. прыведзены падрабязныя звесткі пра стан бібліятэк Барысаўшчыны: «Па Барысаўскаму павету. Самастойных бібліятэк у горадзе ёсць 1 цэнтральная з колькасцю кніг 9351, у павеце ніводнай, бо ўсе бібліятэкі ў павеце пры хатах-чытальнях. У горадзе, акрамя таго, ёсць бібліятэка пры Цэнтральным працоўным клубе, пры КСМ з 1411 кніг і ў Новабарысаве пры клубе 25-годдзя РКП кніг звыш 3 тысяч. Да пачатку 3-га года падпісчыкаў было 1325 пры цэнтральнай бібліятэцы. Па ўзросту падпісчыкі размяркоўваюцца наступным чынам: да 20 гадоў – 899, ад 20 да 30 гадоў – 330, звыш 30 гадоў – 96. Па характару заняткаў: рабочых – 265, сялян – 21, служачых – 269, навучэнцаў – 776. Пры бібліятэцы ёсць аддзелы : 1) агульныя творы, 2) філасофскія веды, 3) рэлігія, 4) сацыяльныя навукі, 5) мовы, 6) матэматыка і прыродазнаўства, 7) прыкладныя веды, 8) мастацтва, 9) літаратура, крытыка, 10) гісторыя, геаграфія . Лік наведванняў бібліятэкі – 12 126, чытальні пры бібліятэках – 1548. Колькасць кніг да пачатку года 9097... Лік выдадзеных кніг за адну траціну года 12 344. За справаздачны перыяд цэнтральная бібліятэка забяспечыла перасоўкамі 6 хат-чытальняў.
...Цэнтральная бібліятэка з 1919 аж да вясны мінулага года не папаўнялася, у вельмі сумным становішчы знаходзіцца дзіцячы аддзел, які налічвае ўсяго некалькі соцень кніг старой дзіцячай бібліятэкі. Слабы аддзел белетрыстыкі. Новабарысаўская бібліятэка была папоўненая сёлета прыблізна на 1 тысячу кніг пераважна грамадскага характару. Памяшканне гарадскіх бібліятэк здавальняючае, бібліятэчнага інвентара дастаткова, асвятленне нармальнае. Бібліятэчных работнікаў усяго 9... сярод іх кваліфікаваных са спецыяльнай бібліятэчнай падрыхтоўкай няма, матэрыяльнае становішча бібліятэчных работнікаў кепскае. Атрымліваюць па 10-му разраду саюза раб[отнікаў] асветы, што ў кастрычніку месяцы мінулага года адлюстравалася 5 руб. 90 кап. чырвонцаў. Аб’яднання бібліятэчных работнікаў няма, у гэтай галіне толькі мяркуецца пачаць работу.
Сетка бібліятэк у павеце вельмі слабая. Ніводнай самастойнай валасной бібліятэкі няма. Іх замяняюць хаты-чытальні, якія забяспечваюць перасоўкамі сельсаветы сваёй воласці. Папаўняць бібліятэкі з прычыны адсутнасці сродкаў надзвычай цяжка... На 1 студзеня г.г. у бібліятэках пры хатах-чытальнях налічвалася наступная колькасць літаратуры: ...Зембінская – 900 экз., Лошніцкая – 645 экз., ...Зачыстская – 428 экз., Ухвальская – 909 экз., ...Мстіжская – 351 экз., Вяляціцкая – 300 экз ., Бытчанская – 750 экз.». У прыватнасці, летам 1924 г. Галоўпалітасвета арганізавала пры савпартшколах Мінска спецыяльныя 6-тыднёвыя курсы «избачей», якія скончылі 9 чалавек з Барысаўскага павета.
У 1924 г., у адпаведнасці з новым адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам, губерні, паветы і воласці былі скасаваныя, а замест іх уведзеныя акругі, раёны і сельсаветы. Як следства, у рэспубліцы сталі стварацца акруговыя і раённыя бібліятэкі. Цэнтрам арганізацыйна-метадычнага кіраўніцтва бібліятэкамі вялікай Барысаўскай акругі стала Барысаўская акруговая бібліятэка, створаная на базе цэнтральнай гарадской бібліятэкі. Да 1927 г. яе кніжны фонд налічваў каля 19 тысяч 500 тамоў на рускай, беларускай, польскай і яўрэйскай мовах, а паслугамі карысталіся 2 тысячы 317 чытачоў. У 1927 годзе Барысаўская акруга была скасаваная, а акруговая бібліятэка ўлілася ў цэнтральную бібліятэку.
У даваенны час ніводнае культурнае мерапрыемства не праходзіла без супрацоўнікаў і актыву бібліятэк. Беларускі пісьменнік Аркадзь Лясной, які наведаў Барысаў летам 1930 г. i быў на адным з мерапрыемстваў, піша: «Бібліотэчны актів прынёс цэлы шэраг кніг і выстаўляе ў фойэ вітрыны. Прыбівае да сцэны газэту з рэцэнзіямі чытачоў, сьпіс рэкомэндованых кніг… Пасьля яшчэ адбылося прэміяваньне лепшых чытачоў бібліотэкі… Яны моцна ўсьвядомілі вялікае значэньне друкаванага слова і атрымалі ад сваіх таварышоў ганаровую прэмію – бібліотэкі і кнігі». Узімку 1933 г. цэнтральная бібліятэка актыўна ўключылася ў працу па падрыхтоўцы да веснавой пасяўной кампаніі. Ставілася задача, папоўніць фонды «спецыяльнай сельскагаспадарчай, агразаатэхнічнай, масава-палітычнай літаратурай» і «арганізаваць не менш 20-25 бібліятэк-перасовак з колькасцю ад 50-100 кніжак у кожнай бібліятэцы». У 1920–1930 гг. супрацоўнікі бібліятэк актыўна ўдзельнічалі ў ліквідацыі непісьменнасці сярод насельніцтва, навучаючы рабочых і сялян пісьму і чытанню.
Доўгі час цэнтральная гарадская бібліятэка не мела пастаяннай прапіскі. Вядома, што на рубяжы 1920–1930-х гг. установа знаходзілася побач з чыгуначным вакзалам. Нарэшце, у другой палове 1932 г. бібліятэцы аддалі пакоі другога паверха будынка былой Вялікай сінагогі (вул. 3-га Інтэрнацыяналу, 49). Тут функцыянавала чытальная зала, дзіцячы аддзел, аддзел яўрэйскай кнігі, перасоўны аддзел.
Сучасны выгляд былой Вялікай сінагогі
Чытач бібліятэкі, журналіст Давід Клябанаў успамінаў: «Бібліятэка займала ўвесь другі паверх вялікага будынка. Кніг тады было не так шмат... Кнігі з цвёрдай вокладкай, як правіла, былі выданнямі дарэвалюцыйнымі, а кнігі трыццатых гадоў афармлялі вельмі сціпла, у мяккіх вокладках. Трэба сказаць, што да вайны чыталі кнігі больш... А вось кнігу добрую дастаць было цяжка. Асабісты томік вершаў Маякоўскага быў раскошай».
У пачатку 1930-х гг. дырэктарам бібліятэкі быў прызначаны Мітлін Ізраіль Якаўлевіч.
Мітлін І. Я. (1905–1942)
«Гэта была светлая асоба, – адзначаў Клябанаў. – Ён любіў быў бібліятэку. Не было такой мастацкай кнігі, якую б ён не чытаў. Мітлін быў сябрам Янкі Купалы і многіх іншых беларускіх пісьменнікаў, быў знаўцам беларускай літаратуры».
У 1920–1930 гг. бібліятэчныя фонды падвяргаліся сістэматычным чысткам на прадмет канфіскацыі «класава варожай літаратуры». «Агент класавага ворага ў Барысаўскай бібліятэцы», – пад такім загалоўкам раённая газета «Большэвік Барысаўшчыны» ў № 30 за 9 лютага 1935 г. змясціла публікацыю пра былога дырэктара Мітліна, пазбаўленага пасады за тое, што пасля чарговай чысткі кнігі «ворагаў народа» засталіся на кніжных паліцах.
У другой палове 1930-х гг. дзейнічала раённая бібліятэка, дзве грамадскія гарадскія бібліятэкі (у Барысаве і Нова-Барысаве), дзесяць ведамасных і прафсаюзных, некалькі школьных бібліятэк. У 1926 г. была арганізавана бібліятэка (размяшчалася ў клубе Хімікаў) пры запалкавай фабрыцы «Бярэзіна». У 1927 годзе адкрылася бібліятэка пры клубе чыгуначнікаў у Нова-Барысаве. У 1934 г. у клубе дрэваапрацоўчага камбіната ім. Камінтэрна адкрыўся філіял гарадской бібліятэкі, які неўзабаве атрымаў статус самастойнай установы. Буйным кнігазборам валодала бібліятэка, створаная пры Барысаўскім педагагічным тэхнікуме.
Нова-Барысаўская гарадская бібліятэка знаходзілася ў будынку па пр. Рэвалюцыі, недалёка ад чыгуначнага вакзала. У перадваенныя гады ўстановай загадвала Бейнянсон Рахіль Ісакаўна.
Бейнянсон Р. І. (1906–1980)
Найбуйнейшай у Барысаўскім раёне з’яўлялася раённая бібліятэка. З дакладной запіскі (датаванай не раней як 1 ліпеня 1940 г.) Мінскага абласнога аддзела народнай адукацыі абкаму КП (б) Б, Наркамасветы БССР, палітыка-асветніцкаму кіраванню пра сетку будынкаў сацыялістычнай культуры, хат-чытальняў і бібліятэк Мінскай вобласці: «Культурна і ўтульна абсталяваная Барысаўская раённая бібліятэка. У ёй налічваецца больш за 30 тысяч кніг. Як у бібліятэцы, так і ў зале абсталяваны выставы літаратуры і наглядных дапаможнікаў па вывучэнню гісторыі партыі, па сельскай гаспадарцы і г.д. Бібліятэка выпускае спецыяльныя друкаваныя памяткі ў дапамогу чытачам. Ёсць 50 бібліятэк-перасовак літаратуры для калгасаў».
Далейшая дзейнасць культурна-асветніцкіх устаноў Барысаўшчыны была перапыненая праз некалькі дзён пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны 22 чэрвеня 1941 г.
Гісторыя бібліятэкі і бібліятэчнай справы пасля чэрвеня 1944 г.
З вызваленнем тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачалося аднаўленне рэспубліканскай сеткі бібліятэк. У 1944 г. выйшла пастанова «Аб бліжэйшых задачах партыйных арганізацый КП (б) Беларусі ў галіне масава-палітычнай і культурна-асветніцкай працы сярод насельніцтва». Абласныя, раённыя і гарадскія камітэты КП (б) Б сумесна з выканаўчымі камітэтамі абавязваліся ўлічваць у планах па аднаўленні народнай гаспадаркі і культурна-асветніцкія ўстановы, якім ставілася задача ўсяляк садзейнічаць у справе мабілізацыі працоўных на аднаўленне рэспублікі, разбуранай вайной.
Першай аднавіла працу Барысаўская гарадская бібліятэка, якая адкрылася 26 жніўня 1944 года ў будынку, дзе ўстанова знаходзілася ў даваенны час (вул. 3-га Інтэрнацыяналу, 49). Па ўспамінах бібліятэкара Цімашэнкі Алены кніжны фонд складаўся з літаратуры, сабранай супрацоўнікамі бібліятэкі і актывістамі. Частка даваеннага фонду вярнула насельніцтва (да канца 1946 г. – 1 тысяча кніг). Акрамя кніжных выданняў, таксама вёўся збор ацалелай мэблі і інвентара. Пасільную дапамогу аказалі гараджане, якія вырабілі сталы, дапамаглі ўладкаваць памяшканне пад чытальную залу (адкрылася ў верасні 1944 г.). Са студзеня 1945 г. бібліятэка прыступіла да афармлення падпіскі на газеты і часопісы. У першыя пасляваенныя гады вялікую дапамогу ў камплектаванні фонду аказалі бібліятэкі Масквы, Ленінграда, іншых гарадоў СССР, якія перадалі кнігі са сваіх рэзервовых фондаў. У першым квартале 1948 г. кніжны фонд бібліятэкі налічваў каля 5 тысяч 800 адзінак і перыядычныя выданні розных найменняў. Для чытачоў праводзіліся чыткі газет і часопісаў, мастацкай літаратуры павышанага попыту. Інвалідам вайны кнігі дастаўляліся на дом. У 1947–1966 гг. Барысаўскай гарадской бібліятэкай загадвала Бейнянсон А. Г., якая змяніла на гэтай пасадзе Прадзядовіч Д. Л. З 1967 па 1975 гг. бібліятэкай кіравала Кішкурна А. П. У пасляваенны перыяд Барысаўская гарадская бібліятэка неаднаразова пераязджала, змяніўшы некалькі адрасоў.
Нова-Барысаўская бібліятэка адкрылася ў 1945 г. Першапачаткова ўстанова размяшчалася ў будынку на пр. Рэвалюцыі (цяпер на гэтым месцы дом № 6), у якім таксама знаходзіўся скурна-венералагічны дыспансер. Кніжны фонд налічваў каля 3 тысяч выданняў. У 1947 г. бібліятэцы адвялі памяшканне ў доме № 14 па пр. Рэвалюцыі, але і тут установа не затрымалася. Да таго часу фонд бібліятэкі складаў 6 тысяч 800 кніг.
Дом культуры імя М. Горкага другой паловы 1950-х гг.
Узімку 1948 г. бібліятэцы аддалі два прасторныя пакоі другога паверха гарадскога Дома культуры ім. М. Горкага (знаходзіўся насупраць ААТ «Барысаўскае вытворчае аб’яднанне музычных інструментаў») па вул. 30 гадоў ВЛКСМ. У адным пакоі размясцілася чытальная зала, а ў другім – дарослы абанемент. Раённая газета «Большэвіцкая трыбуна» ў № 16 за 8 лютага 1948 года паведамляла, што «каб пачытаць кнігі, газеты, трэба прайсці ў бібліятэку, а прайсці ў яе можна толькі, купіўшы за 8 рублёў білет на танцы. Для чытача бібліятэкі гэта было ўжо зусім новым». Першым пасляваенным кіраўніком бібліятэкі была Калтышава А. М. У 1946–1947 гг. Нова-Барысаўскай бібліятэкай загадвала Лінг Л. І. У сакавіку 1947 г. бібліятэку ўзначаліла Гурэвіч Любоў Львоўна, якая кіравала ўстановай 23 гады.
Гурэвіч Л. Л.
Да пачатку 1950-х гг. бібліятэчнай справай займаліся Нова-Барысаўская і Барысаўская гарадскія бібліятэкі, Барысаўская раённая бібліятэка (у 1950–1962 гг. бібліятэкай загадвала Рашчынская Ніна Іванаўна), фабрычна-завадскія, прафсаюзныя і школьныя бібліятэкі. У 1948 г. адкрылася дзіцячая бібліятэка, якую ўзначаліла Аўтушкіна А. К.
У другой палове 1950-х гг. Нова-Барысаўская гарадская бібліятэка ўвайшла ў лік лідэраў сярод бібліятэк Мінскай вобласці. Ва ўстанове са штатам усяго з шасці супрацоўнікаў вялася шырокая, разнапланавая работа. Праводзіліся канферэнцыі, тэматычныя лекторыі, літаратурныя вечары, дыспуты, творчыя сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі. Перасоўны аддзел абслугоўваў гарадскія прадпрыемствы і арганізацыі. Да 1958 г. кніжны фонд бібліятэкі складаў 29 тысяч асобнікаў.
У 1957 г. за поспехі, дасягнутыя ў культурна-асветніцкай працы сярод насельніцтва, бібліятэка была прызнана «Лепшай гарадской бібліятэкай вобласці». Раённая газета «За камунізм» у нумары за 14 студзеня 1960 г. пісала: «Усялякай падтрымкі заслугоўвае ініцыатыва Нова-Барысаўскай бібліятэкі ў пытанні абслугоўвання літаратурай... Работнікі бібліятэкі часта бываюць на прадпрыемствах, цікавяцца запатрабаваннямі чытачоў і ўлічваюць іх парады, пажаданні пры планаванні сваёй работы. У бібліятэцы арганізаваны свабодны доступ да палітычнай і тэхнічнай літаратуры».
Калектыў Новабарысаўскай гарадской бібліятэкі ў 1959 г.: Ціхановіч М. І., Маневіч Ю. С., Падзолка М. П., Гурэвіч Л. Л., Рабіновіч Ф. С.
У 1961 г. Нова-Барысаўская гарадская бібліятэка была прызнана лепшай сярод бібліятэк БССР. За дасягнутыя поспехі бібліятэцы надалі статус метадычнага цэнтра бібліятэчнай справы ў горадзе. У 1960-х – пачатку 1970-х гг. установа з’яўлялася базай па бібліятэчнай практыцы студэнтаў Мінскага інстытута культуры. Пастаянна ўдасканальваліся формы і метады дзейнасці бібліятэкі. Супрацоўнікі праводзілі агляды кніжных навінак у навучальных установах і прадпрыемствах, рабілі вусныя часопісы, чытацкія канферэнцыі і г.д. Па выніках паказчыкаў работы бібліятэка з году ў год выходзіла пераможцам сярод бібліятэк Мінскай вобласці.
У 1967 г. Міністэрства культуры БССР зацвердзіла «Асноўныя палажэнні арганізацыі адзінай сеткі масавых бібліятэк Беларускай ССР», якія аказалі значны ўплыў на далейшае ўдасканаленне агульнай бібліятэчнай сеткі. У гэты час Мінскае абласное ўпраўленне культуры запланавала будаўніцтва новага корпуса Нова-Барысаўскай бібліятэкі, улічваючы яе штогадовыя высокія паказчыкі ў працы і наватарскія традыцыі бібліятэчнага абслугоўвання. З загаду № 1 аддзела культуры Барысаўскага гарвыканкама за 5 студзеня 1970 г.: «У сувязі з уводам новага будынка бібліятэкі Нова-Барысаўскую гарадскую бібліятэку перайменаваць у Цэнтральную бібліятэку». У красавіку таго ж года Цэнтральная бібліятэка пераязджае ў сучасны будынак, дзе ўстанова размяшчаецца і сёння (вул. Чапаева, 3).
Цэнтральная гарадская бібліятэка ў 1970-я гг.
Тут жа размясцілася бібліятэка райкама КП (б) Б, а таксама дзіцячая гарадская бібліятэка ім. А. П. Гайдара. Хоць бібліятэка прыступіла да працы ў чэрвені, урачыстае адкрыццё адбылося ў жніўня 1970 г. Улетку таго ж года дырэктарам Цэнтральнай бібліятэкі была прызначаная Ціхановіч (у замужжы – Хаваўка) Маіса Іванаўна. У перыяд яе кіраўніцтва сфарміравалася Барысаўская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма (Барысаўская ЦБС) на чале з цэнтральнай гарадской бібліятэкай (Барысаўская ЦГБ).
Ціхановіч М. І.
«Піянерамі» цэнтралізацыі сталі Барысаўская Цэнтральная гарадская бібліятэка і Карэліцкая раённая бібліятэка (Гродзенская вобласць). Рэформа бібліятэчнай справы выклікала прынцыповыя змены дзейнасці ўсіх бібліятэк краіны.
У 1975 г. дырэктарам Барысаўскай ЦБС стала Дронава Таццяна Мікалаеўна.
Дронава Т. Н.
Пачынаючы з 1976 г. Барысаўская цэнтральная гарадская бібліятэка (сумесна з Нясвіжскай) становіцца школай перадавога вопыту па ўкараненні бібліятэчнага вопыту ў Мінскай вобласці. На базе Цэнтральнай бібліятэкі рэгулярна праводзяцца рэспубліканскія, раённыя і гарадскія нарады-практыкумы, семінары, групавыя заняткі, стажыроўкі, школы па абмене перадавым вопытам. Удасканальвалася ўнутраная бібліятэчная дзейнасць. Закуплялася больш літаратуры тэхнічнага і эканамічнага профілю, актыўна выкарыстоўваліся магчымасці рэспубліканскага і саюзнага міжбібліятэчнага абанемента. Для задавальнення запытаў чытачоў фармаваліся тэматычныя падборы літаратуры. Арганізоўваліся сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, паэтамі і празаікамі. Дарэчы, у розныя гады гасцямі бібліятэкі былі вядомыя беларускія пісьменнікі: М. Танк, І. Шамякін, А. Макаёнак, М. Лынькоў, В. Быкаў, Я. Брыль, П. Глебка, І. Чыгрынаў, Н. Гілевіч, Р . Барадулін...
Сустрэча з супрацоўнікамі рэдакцыі часопіса «Полымя» (ліпень 1959). У цэнтры – народны паэт Беларусі М. Танк
У 1975 г. гарадская бібліятэка ў старой частцы горада была ператворана ў бібліятэку № 1 – структурнае падраздзяленне Барысаўскай ЦБС. У 1978 г. у структуры Барысаўскай ЦБС адкрылася бібліятэка № 2, а ў 1982 годзе – бібліятэка № 3. Пад канец 1980 г. Барысаўская ЦБС мела высокакваліфікаваныя кадры і амаль паўмільённы кніжны фонд. У 1978 г. Цэнтральная бібліятэка была ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, а ў 1982 годзе ўстанове прысвоілі ганаровае званне «Бібліятэка выдатнай работы». Гэта званне Цэнтральная бібліятэка неаднаразова пацвярджала на працягу наступных гадоў.
З 1984 г. да мая 2017 г. Барысаўскую гарадскую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму, а затым дзяржаўную ўстанову культуры «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева» ўзначальвала Слесарэнка Галіна Міхайлаўна.
Слесарэнка Г. М.
На гэтыя гады выпала лібералізацыя грамадства другой паловы 1980-х, распад СССР, утварэнне суверэннай Беларусі, рэфармацыйныя 1990-я (на базе бібліятэкі праходзіў доўгатэрміновы эксперымент аб пераходзе работы бібліятэк на новыя ўмовы гаспадарання), стваральныя 2000-я. Гэта дазваляе прасачыць кароткая храналогія асноўных падзей:
1990 г. – у структуры Барысаўскай ЦБС адкрылася гарадская бібліятэка № 4 (у 1999 г. – рашэннем Барысаўскага гарвыканкама бібліятэцы прысвоены статус «Бібліятэка сямейнага чытання»);
1997 г. – пачалася паэтапная аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў і камп’ютэрызацыя бібліятэк;
1998 г. – у сістэму бібліятэчнага абслугоўвання ўкараняюцца дадатковыя платныя паслугі;
2001 г. – рашэннем Барысаўскага гарвыканкама цэнтральная гарадская бібліятэка стала Цэнтрам краязнаўчай інфармацыі;
2002 г. – рашэннем Барысаўскага гарадскога выканаўчага камітэта цэнтральная гарадская бібліятэка вызначана каардынацыйным цэнтрам бібліятэк розных ведамстваў;
2004 г. – Барысаўская гарадская ЦБС перайменавана ў Цэнтралізаваную сістэму публічных бібліятэк (ЦСПБ) г. Барысава;
2004 г. – створана бібліятэка праваслаўнага чытання (першая ў рэспубліцы), у далейшым ператворана ў духоўна-асветніцкі цэнтр цэнтральнай бібліятэкі;
2006 г. – распрацаваная першая версія вэб-сайта бібліятэкі borlib.by;
1 студзеня 2007 г. – адбылося аб’яднанне двух бібліятэчных сістэм: ЦСПБ г. Барысава і Барысаўскай раённай ЦБС, утварылася адзіная сістэма з поўнай назвай – Цэнтралізаваная сістэма публічных бібліятэк (ЦСПБ);
2007 год – ЦСПБ з’яўляецца бібліятэкай-удзельніцай Рэспубліканскага бібліятэчнага кансорцыума (LibКАРД) па аналітычным роспісе дакументаў;
2008 – у склад ЦСПБ увайшла спецыялізаваная бібліятэка № 5 для інвалідаў па зроку;
2008 – пры ЦСПБ створана Барысаўскае раённае аддзяленне ГА «Барысаўская бібліятэчная асацыяцыя»;
2008 – гарадская бібліятэка № 3 рэарганізавана ў гарадскую дзіцячую бібліятэку № 3;
10 ліпеня 2008 г. – Цэнтралізаваная сістэма публічных бібліятэк рэарганізавана ў дзяржаўную ўстанову культуры «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка»;
15 ліпеня 2008 г. – Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прысвоена імя І. Х. Каладзеева;
Адкрыццё мемарыяльнай дошкі І. Х. Каладзееву на будынку Цэнтральнай бібліятэкі 7 верасня 2008 г.
12 снежня 2008 г. – дзяржаўнай установе культуры «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка» зменена назва на дзяржаўная ўстанова культуры «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева»;
2009 года – пачалася інтэграцыя (аб’яднанне) сельскіх і школьных бібліятэк Барысаўскага раёна (інтэгравана 14 сельскіх бібліятэк);
2012 года – адкрыта гарадская бібліятэка № 7 (ваенны гарадок Печы);
2013 г. – гарадская дзіцячая бібліятэка № 3 далучана да гарадской бібліятэкі № 1;
2015 г. – цэнтральная дзіцячая бібліятэка ім. А. П. Гайдара ператворана ў структурнае падраздзяленне – дзіцячы аддзел дзяржаўнай установы культуры «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева».
У адпаведнасці з асаблівымі запытамі новых груп карыстальнікаў і як следства з’яўленнем новых паслуг у канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. назіралася ўсеагульная тэндэнцыя адыходу ад структуры бібліятэк, якая склалася ў 1970-х – пачатку 1980-х гг. У сувязі з гэтым у цэнтральнай бібліятэцы ствараюцца новыя структурныя падраздзяленні:
1989 г. – зала перыёдыкі;
1992 г. – зала мастацтваў і выставачная зала;
1999 г. – зала беларусікі і краязнаўства;
2001 г. – публічны цэнтр прававой інфармацыі;
2004 г. – сектар аўтаматызацыі і электроннага каталога;
2005 г. – інфармацыйна-пошукавы цэнтр;
2006 г. – музей бібліятэкі «Наша бібліятэка: летапіс слаўных здзяйсненняў і падзей»;
2008 г. – духоўна-асветніцкі цэнтр;
2009 г. – мастацкая галерэя «З’ява» (на базе выставачнай залы);
2013 г. – зала беларусікі і краязнаўства рэарганізаваная ў краязнаўчы цэнтр, у структуры чытальных залаў выдзелены зала літаратуры на замежных мовах і аддзел рэдкай кнігі і калекцыі аўтографаў;
2014 г. – у структуры залы мастацтваў арганізаваны музейна-выставачны комплекс «Партнёры. Сябры. Пабрацімы»;
2015 г. – адчыненая карцінная галерэя лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужанага дзеяча мастацтваў, Ганаровага грамадзяніна Барысаўскага раёна Валерыя Шкарубы;
На адкрыцці карціннай галерэі 20 лістапада
2015 г. – аддзел галерэйна-выставачнай дзейнасці, у які ўваходзяць: мастацкая галерэя «З’ява», карцінная галерэя Валерыя Шкарубы, выставачны комплекс у фае 2 паверха цэнтральнай бібліятэкі і музейна-выставачны комплекс «Партнёры. Сябры. Пабрацімы»;
2017 г. – дзіцячы інтэрактыўны цэнтр адукацыі і вольнага часу «РостОК»;
2017 г. – Мемарыяльна-выставачная зала І. Х. Каладзеева і гісторыі Вайны 1812 года.
Да пачатку трэцяга тысячагоддзя сетка публічных бібліятэк Барысаўскага рэгіёну – лепшая ў Мінскай вобласці і выходзіць на перадавыя пазіцыі сярод бібліятэк Рэспублікі Беларусь. Дасягненням папярэднічаў пастаянны творчы пошук, укараненне новых інфармацыйных тэхналогій у сферы бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва, удасканаленне і пашырэнне формаў і метадаў работы. Супрацоўнікі бібліятэкі з’яўляліся арганізатарамі і сталымі ўдзельнікамі рэспубліканскіх, абласных і раённых конкурсаў.
1998 г. – дырэктар Барысаўскай гарадской ЦБС Слесарэнка Г. М. узнагароджана прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва «За дасягненні ў эстэтычным і маральным выхаванні беларускага народа і прапаганду духоўных каштоўнасцей».
Па выніках 2001, а таксама 2003–2005 гг. ЦСПБ г. Барысава – пераможца спаборніцтва на лепшую пастаноўку бібліятэчнай работы сярод гарадскіх ЦБС Мінскай вобласці.
2002 г. – Барысаўская гарадская цэнтральная бібліятэка – пераможца абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю бібліятэчнай прасторы «Бібліятэчны інтэр’ер» у намінацыі «Лепшая цэнтральная бібліятэка».
2004 г. – ЦСПБ г. Барысава – пераможца конкурсу Мінскага аблвыканкама на стварэнне творчых праектаў па развіцці нацыянальнай культуры і мастацтва вобласці, рашэннем Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Цэнтралізаванай сістэме публічных бібліятэк г. Барысава быў выдзелены грант для рэалізацыі праекта «Праз праваслаўную кнігу – да духоўнага адраджэння».
2005 г. – дырэктар ЦСПБ г. Барысава Слесарэнка Г. М. – пераможца абласнога конкурсу «Прафесіяналізм і наватарства – шлях да поспеху» за стварэнне і рэалізацыю праекта «Цэнтральная бібліятэка – каардынацыйны цэнтр бібліятэк г. Барысава».
Па выніках ХIV конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» за 2005 г. пераможцам стала Зембінская сельская бібліятэка Барысаўскай РЦБС Мінскай вобласці.
2010 г. – сельская бібліятэка № 12 в. Вяляцічы перамагла ў спаборніцтве па выніках работы 2009 г. сярод бібліятэк Мінскай вобласці ў намінацыі «Лепшая бібліятэка года» (II месца).
2011 г. – Яго Высокаправялебнасць Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ўзнагародзіў медалём Святой Прападобнай Еўфрасінні Полацкай Беларускай Праваслаўнай Царквы дырэктара Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І. Х. Каладзеева Слесарэнка Г. М.;
Дырэктару Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І. Х. Каладзеева Слесарэнка Г. М. устаноўлена персанальная надбаўка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за выдатны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэспублікі;
Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева – пераможца спаборніцтва па выніках працы 2010 г. сярод бібліятэк Мінскай вобласці ў намінацыі «Лепшая бібліятэка года» (II месца);
Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева ўзнагароджана дыпломам «Аб занясенні на раённую дошку гонару»;
Бібліятэка-музей народнай творчасці і побыту № 29 в. Леванова – уладальнік заахвочвальнай прэміі XIX Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры»;
Супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі (Алейнік П. С., Кудакова А. А., Січная С. Б., Гецьман М. В.) сталі дыпламантамі (уладальнікі дыпломаў I, II і III ступені) Рэспубліканскага конкурсу творчасці бібліятэкараў «Сам сабе мастак», мастак Мірзаян А. С. адзначаны спецыяльным дыпломам за арыгінальнасць ідэі.
2012 г. – Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева – пераможца ў абласным конкурсе на лепшы вэб-сайт публічных бібліятэк Міншчыны;
Сельская бібліятэка № 30 в. Лошніца – пераможца спаборніцтва па выніках працы 2011 г. сярод бібліятэк Мінскай вобласці ў намінацыі «Лепшая бібліятэка года» (II месца);
2013 г. – краязнаўчы цэнтр цэнтральнай бібліятэкі – уладальнік першай прэміі ХХI Рэспубліканскага конкурсу «Бiблiятэка – асяродак нацыянальнай культуры» ў намінацыі «За пошукавую даследчую працу»;
Цэнтральная дзіцячая бібліятэка ім. А. П. Гайдара – пераможца штогадовага спаборніцтва сярод устаноў культуры Мінскай вобласці на лепшую пастаноўку работы бібліятэк за 2012 г. в намінацыі «Лепшая бібліятэка года»;
Рэгіянальны інфармацыйна-асветніцкі праект «Абяры жыццё!» духоўна-асветніцкага цэнтра цэнтральнай бібліятэкі – пераможца ў намінацыі «Узаемаразуменне» Мінскага абласнога конкурсу сацыяльных тэхналогій у абарону сямейных каштоўнасцей «За жыццё», абвешчаны Міжнародным дабрачынным фондам «Сям’я – Яднанне – Айчына», грамадскім Саветам па маральнасці Беларусі і Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь;
2014 г. – аўтарскі блог «Сельская бібліятэка» вядучага метадыста аддзела бібліятэчнага маркетынгу А. С. Капыток заваяваў першую прэмію ХХIІ Рэспубліканскага конкурсу «Бiблiятэка – асяродак нацыянальнай культуры» ў намінацыі «За навацыі ў сферы бібліятэчнай справы»;
2015 г. – сельская бібліятэка № 8 аг. Вялікая Ухалода стала ўладальнікам першай прэміі ў XXIII Рэспубліканскім конкурсе «Бiблiятэка – асяродак нацыянальнай культуры» ў намінацыі «За падтрымку і развіццё чытання»;
Духоўна-асветніцкі цэнтр цэнтральнай бібліятэкі – пераможца (I месца) ў намінацыі «Сям’я – спадчынніца маральных і духоўных каштоўнасцей» I Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання»;
Аб’яўлена падзяка Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Л. С. Ананіч дырэктару ўстановы Г. М. Слесарэнка і бібліятэкару бібліятэкі-музея народнай творчасці і побыту № 29 в. Леванова М. Н. Несцяровіч за значны асабісты ўклад у захаванне духоўна-гістарычнай спадчыны, плённую працу на ніве беларускага асветы.
2016 г. – дырэктару ўстановы Слесарэнка Г. М. уручана архірэйская грамата епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Веньяміна – «у дабраславенне за працу ў славу Святой Праваслаўнай Царквы»;
Краязнаўчаму цэнтру Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І. Х. Каладзеева прысуджана I месца ў намінацыі «Сям’я – спадчынніца маральных і духоўных каштоўнасцей» II Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – цэнтр духоўна-маральнай асветы і выхавання» за даследаванні, звязаныя аднаўленнем радаводу сям’і Каладзеева і Карцавых;
Цэдрык І. Р. – загадчыца дзіцячага аддзела ДУК «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева» заняла III месца ў абласным конкурсе прафесійнага майстэрства «Майстар Мінскай вобласці – 2016» у намінацыі «Лепшы бібліятэкар»;
Алейнік П. С. – метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І. Х. Каладзеева стаў пераможцам у намінацыі «Містэр Эрудыцыя» рэспубліканскага конкурсу «Мужчыны ў бібліятэчнай справе».
2017 г. – дырэктару дзяржаўнай установы культуры «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева» Слесарэнка Г. М. прадастаўлены Грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у культуры на 2017 г. на распрацоўку і рэалізацыю наватарскага праекта «1812 год. Барысаў, Бярэзіна. Памяць ...»;
Дырэктар дзяржаўнай установы культуры «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева» Слесарэнка Г. М. – пераможца ў намінацыі «Бібліятэчная справа» Рэспубліканскага конкурсу «Чалавек Года культуры»;
Дыплом аб занясенні дзяржаўнай установы культуры «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева» на Дошку гонару Барысаўскага раёна па выніках працы за 2016 г.;
Аддзел галерэйна-выставачнай дзейнасці Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І. Х. Каладзеева – пераможца (трэцяя прэмія) у намінацыі «За навацыі ў сферы бібліятэчнай справы» ХХV Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры»;
З 28 красавіка 2017 г. дырэктарам дзяржаўнай установы культуры «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева» прызначаная Капыток Алена Сяргееўна;
Дырэктару дзяржаўнай установы культуры «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева» Копыток А. С. уручана ганаровая грамата за шматгадовую працу і вялікі асабісты ўклад у дзейнасць Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі.
На сёння сетка публічных бібліятэк Барысаўскага рэгіёну ўключае 30 бібліятэк: 7 гарадскіх (у іх ліку: гарадская бібліятэка № 4 – бібліятэка сямейнага чытання, гарадская спецыялізаваная бібліятэка № 5 для інвалідаў па зроку) і 23 сельскіх бібліятэк: 16 бібліятэк у аграгарадках, (у тым ліку 12 інтэграваных і 2 бібліятэкі-клуба), 7 сельскіх бібліятэк (у тым ліку 4 інтэграваных бібліятэкі, бібліятэка-музей народнай творчасці і побыту в. Леванова).
2018 г.
VI Рэспубліканскі конкурс «Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання» – бібліятэцы прысуджана Гран-пры конкурсу.
Рэспубліканскі конкурс «Лепшы публічны цэнтр прававой інфармацыі» – дыплом III ступені ў намінацыі «Лепшы ПЦПІ на базе цэнтральнай раённай (гарадской) бібліятэкі».
Узнагароды бібліятэкі у 2019 г.
- Дыплом аб занясенні на Дошку гонару Барысаўскага раёна па выніках працы за 2018 год.
- Падзячны ліст старшыні Барысаўскага райвыканкама Г. І. Дзенгалёва калектыву дзяржаўнай установы культуры «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева» за актыўны ўдзел у раённым аглядзе-конкурсе на лепшае навагодняе афармленне аб’ектаў сярод арганізацый усіх формаў уласнасці, уласнікаў індывідуальных жылых дамоў Барысаўскага раёна.
- Ганаровая грамата міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ю. П. Бондара дзяржаўнай установе культуры «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева» за значны ўклад у развіццё бібліятэчнай справы.
- Падзяка міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь А. М. Карлюкевіча калектыву дзяржаўнай установы культуры «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева» за шматгадовую добрасумленную працу па камплектаванню фондаў бібліятэкі сацыяльна-значнай літаратурай і ў сувязі са святкаваннем 100-годдзя з дня заснавання дзяржаўнай установы культуры «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева».
- Ганаровая грамата Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму калектыву ДУК «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева» за шматгадовую плённую працу, садзейнічанне інтэлектуальнаму, духоўнаму і эстэтычнаму выхаванню падрастаючага пакалення, вялікі ўклад у развіццё бібліятэчнай справы, захаванне і папулярызацыю спадчыны раёна, актыўную падтрымку прафсаюзных ініцыятыў і ў сувязі са 100-гадовым юбілеем установы.
- Дыплом Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ўзнагароджваецца калектыў ДУК «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева» – пераможца конкурсу па культурным абслугоўванні ўборачнай кампаніі 2019 года ў намінацыі «Бiблiятэка – героям жнiва».
- Грамата старшыні Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Быкавай С. А. ДУК «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка ім. І. Х. Каладзеева» за актыўную прапаганду класічных і сучасных літаратурных твораў, супрацоўніцтва з пісьменнікамі Міншчыны і ў сувязі са 100-годдзем з дня заснавання ўстановы.
- Падзяка старшыні ГА «Беларуская бібліятэчная асацыяцыя» Юрык І. В. калектыву Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі ім. І. Х. Каладзеева за любоў да прафесіі, актыўны ўдзел у жыцці Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі і ў сувязі са 100-годдзем.
- Грамата Барысаўскай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа калектыву ДУК «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка ім. І.Х. Каладзеева» за актыўнае прасоўванне гуманных каштоўнасцей Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа і падтрымку ў вырашэнні сацыяльных праграм, накіраваных на аказанне дапамогі тым, хто мае патрэбу.
- Падзяка Савета Барысаўскай раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Капыток Алене Сяргееўне за вялікі асабісты ўклад у станаўленне і развіццё грамадскага аб’яднання «Белая Русь», ініцыятыву і адказнасць у рэалізацыі рашэнняў III З’езда аб’яднання, кансалідацыю працоўнага калектыву на вырашэнне задач сацыяльна-эканамічнага развіцця Барысаўскага рэгіёна.
- Падзяка старшыні Барысаўскага раённага савета ветэранаў Маханёк З. П. дырэктару Капыток Алене Сяргееўне і калектыву ДУК «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка ім. І. Х. Каладзеева» за плённае супрацоўніцтва, высокі прафесіяналізм, імкненне зрабіць жыццё барысаўчан цікавым і змястоўным.
- Загадам міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь ад 29.11.2019 № 152/л намеснік дырэктара ДУК «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка ім. І. Х. Каладзеева» Слесарэнка Галіна Міхайлаўна ўзнагароджана Нагрудным знакам № 828 «Выдатнік друку Беларусі».
- Ганаровая грамата Галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінскага абласнога выканаўчага камітэта намесніку дырэктара ДУК «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка ім. І. Х. Каладзеева» Слесарэнка Галіне Міхайлаўне за значны ўклад у развіццё турызму, прасоўванне турыстычных магчымасцей Мінскай вобласці на ўнутраным і міжнародным рынках, а таксама ў сувязі са святкаваннем Сусветнага дня турызму.
- Галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчэрба С. Э., старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі ДУК «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка ім. І. Х. Каладзеева» прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму пераможца фотаконкурсу «Летняя работа хороша!», арганізаваным рэдакцыяй газеты «Беларускі час» і парталам 1prof.by Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.