11 гадоў таму ў студыю арттэрапіі яе, прафесійнага спецыяліста сферы IT-тэхналогій, накіравала выпадковая невыпадковасць.
З тых часоў – мазок за мазком, карціна за карцінай – яна малюе ўсё і ўсіх, што і хто знаходзіцца і жыве побач з ёй. Малюе шмат – выдатна і натхнёна! У "скарбонцы" экспазіцыйнага багажу мастачка захоўвае дзве персанальныя выставы. А 1-га сакавіка 2023 года дабавілася трэцяя: у галерэі “Праменад” Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева адбылося адкрыццё выставы жывапісу і графікі "Побач". Запомніце імя аўтара прыгажосці на карцінах – Наталля Антонава з горада Жодзіна.
2023-03-05
У экспазіцыі прадстаўлена больш за 30 жывапісных і графічных твораў, галоўнымі героямі якіх сталі блізкія людзі, птушкі, кветкі, усё жывое побач з намі, рэчы, якія захоўваюць памяць аб мінулых падзеях, усё, блізкае душы незалежна ад часу і адлегласцей.
– Я ведаю, што многія з вас ужо паспелі адчуць радасць ад любавання карцінамі, якія сёння перад нашымі вачыма, – сказала мастацтвазнаўца аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Анжэла Кудакова, прывітаўшы і павіншаваўшы прысутных з пачаткам вясны. – Побач… Побач з намі сёння самыя розныя людзі. Блізкія па духу. Людзі, якім можна нешта даверыць, паглядзець на свет іх вачыма так, як робіць гэта мастачка. Хочацца адзначыць, што за час мантажу выставы шмат людзей вельмі ўважліва пазнаёмілася з карцінамі Наталлі. І ўсе, як адзін, гаварылі аб высокім майстэрстве і любаванні. Жодзінскія краявіды сталі блізкія нашаму аўтару, а мы разам з ёй прывязваемся да іх і, як ніколі відавочна, разумеем, «чаму з выраю жураўлі на Палессе ляцяць».
Нешматслоўная і вельмі сціплая гераіня свята жывапісу і графікі падзякавала работнікам Бібліятэкі Каладзеева за запрашэнне выставіць свае творы ў адной з галерэй і падзялілася, што ўсе карціны расказваюць пра яе саму і яе ўнутраны свет, а таксама дадала, што сама яшчэ вучыцца асновам мастацтва і вельмі любіць маляваць.
– З мінулага года ў выставачных галерэях цэнтральнай бібліятэкі мы сталі актыўна паказваць мастакоў Міншчыны. І такое рашэнне склалася не толькі ў сувязі з 85-годдзем Мінскай вобласці, якое адзначаецца сёлета. Жыхароў і гасцей Барысава мы імкнемся пазнаёміць з лепшымі майстрамі пэндзлю цэнтральнага рэгіёна краіны. У нашых галерэях дэманстраваліся творы мастака з Жодзіна Георгія Міхейчыка, смалявіцкай мастачкі Наталлі Камінскай і яе вучняў, Сяргея Варламава з г. Крупкі, мінскіх мастакоў. 2023 год не стане выключэннем, – патлумачыла загадчык аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Таццяна Кірылава. – Асабіста для мяне Наталля Антонава стала прыемным адкрыццём, як прадстаўнік інтэлігентнага жывапісу. Яна, калі хочаце, – гэта аб асабістым у мастацтве. Натальля паказвае тое, што бачыць, што ёй падабаецца, што ёй блізка. І няхай прыгажосць беларускай прыроды на яе творах няяркая, бо яна яшчэ ў пошуку свайго творчага індывідуальнага почырку. Аднак сёння аб сабе яна заявіла адназначна ярка!
На адкрыццё персанальнай выставы Наталлю прыехалі падтрымаць яе калегі "па цэху". Уяўляеце, 9 мастакоў! Мужчыны шчыра цешыліся за калегу, выказваліся аб тым, як прыгожа ў яе ў садзе ў цёплы перыяд года, а ў хаце ўсе сцены завешаныя карцінамі. Дзяліліся ўражаннямі Георгій Міхайлавіч Міхейчык, Сяргей Васільевіч Цігорыеў, муж Дзмітрый Краўчук і іншыя майстры пэндзлю.
Дарэчы, Наталля Антонава нядрэнна малявала ў дзяцінстве, займалася іншай творчасцю (рабіла ўпрыгожванні, шыла, вязала). А калі любоў да жывапісу прачнулася зноў, стала адлюстроўваць прыроду ў любую пару года, у тым ліку і ў сваім садзе. Штодзённае запатрабаванне маляваць для яе – як глыток свежага паветра.
Н. Антонава – актыўны ўдзельнік выстаў і пленэраў. Піша алеем, акрылам і тэмперай, займаецца графікай і змешанымі тэхнікамі (друкаваная графіка, алоўкі, пастэль, гуаш), працуе ў тэхніцы акварэлі. Яе натхняюць і класікі і сучасныя маладыя мастакі. Яна без спецыяльнай адукацыі ў жывапісе, але з 2020 года з'яўляецца членам Міжнароднага грамадскага аб'яднання "Еўразійская мастацкая садружнасць". Няўжо гэтага мала для права на захапленне? Не! Прыйдзеце, паглядзіце і пераканайцеся самі.
Выстава "Побач" працуе да 28 сакавіка ўключна.
Алена БРЫЦКАЯ