Краязнаўчы цэнтр знаёміць вас з творамі сусветнай літаратуры ў выбітным перакладзе беларускіх пісьменнікаў.
![]() |
Кожны літаратурны твор з’яўляецца мастацкай мадэллю свету, а яна, паводле вызначэння літаратуразнаўца Яўгена Гарадніцкага, «гэта найперш структурна-вобразнае ўвасабленне ў творах уяўленняў аўтара пра свет. Пры гэтым аўтар, ствараючы адпаведную мастацкую мадэль свету, выражаючы ў ёй свае ўяўленні, разуменні, адчуванні, і самога сябе ўключае ў гэту мадэль». Адпаведна літаратурны, і асабліва пісьменніцкі пераклад, – таксама мастацкае мадэляванне свету, але больш складанае, двайное мадэляванне, бо ў ім суіснуюць дзве мадэлі свету і дзве творчыя асобы – пісьменнік-аўтар і пісьменнік-перакладчык (з артыкула літаратуразнаўцы Наталлі Якавенкі «Пісьменніцкі пераклад рускай ваеннай прозы на беларускую мову»).
Пераклад з’яўляецца адным з найбольш старажытных і складаных відаў моўнай камунікацыі і разам з тым адной з самых старажытных прафесій, якая бярэ свой пачатак ад шумерскай цывілізацыі канца IV тыс. да н. э. і ад ранніх этапаў існавання егіпецкай цывілізацыі – Старажытнага Царства і перыяду XXVIII ст. да н. э. У сярэдзіне ХХ ст. перакладчыцкая дзейнасць набыла велізарны размах, асаблівую актуальнасць і сусветную значнасць, дзякуючы інтэнсіўнасці і шырыні міжнародных стасункаў. Ад пачатку ХХІ ст. папулярнасць усіх відаў перакладу (грамадска-палітычнага, літаратурна-мастацкага, навуковага, тэхнічнага, ваеннага) не толькі не згасае, а няўхільна расце, што пацвярджаецца існаваннем і далейшай распрацоўкай разнастайных электронных перакладчыцкіх праграм і слоўнікаў, большасць з якіх даступныя для бясплатнага карыстання ў інтэрнэце, і стварэннем розных перакладчыцкіх аб’яднанняў, арганізацый і навучальных устаноў, такіх як заснаваны ў Маскве ў 2011 г. Інстытут Перакладу, Вышэйшая школа перакладу (факультэт) Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, беларускі інтэрнэт-часопіс перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет» і Перакладчыцкая майстэрня, якой кіруе А. Хадановіч.
ХХІ ст. азначылася ўздымам беларускага мастацкага перакладу . У 2008 г. маладыя перакладчыкі аб’ядналіся вакол згаданага вышэй інтэрнэт-часопіса «ПрайдзіСвет» з тым, «каб пашырыць прастору беларускай культуры за кошт увядзення ў яе кантэкcт новых перакладаў замежных аўтараў, а таксама знаёмства з новымі імёнамі сусветнай літаратуры...
Мастацкі пераклад ёсць самаспасціжэнне і адкрыццё . «Перакладзены з іншай мовы твор – перадусім носьбіт іншага жыцця, іншага спосабу мыслення, іншых параметраў разумення свету. Чым вышэй мастацкая вартасць перакладу, тым большая магчымасць міжвольнага параўнання, якое непасрэдна ўплывае на нацыянальную свядомасць. Тут варта сказаць, што ў дадзеным выпадку нацыянальная свядомасць выступае як шматаблічная катэгорыя, якая ахоплівае ўсе бакі жыцця, самыя розныя адносіны чалавека з прыроднымі з’явамі і рэчамі, а таксама чалавека з чалавекам, з грамадой чалавечай». Да таго ж, пераствараючы іншамоўны твор сродкамі сваёй мовы, праз сінтэз моўна-стылёвых і культурна-эстэтычных асаблівасцей перакладчык кожны раз наноў спазнае самога сябе – сваё светаадчуванне, светаразуменне, выпрабоўвае мастацкія прыёмы, выяўляе нацыянальную адметнасць уласнай творчасці, а часам робіць пэўнае адкрыццё для сябе, для чытачоў. Такім чынам, мастацкі пераклад мае настолькі складаную прыроду і з’яўляецца настолькі выключным відам літаратурна-мастацкай творчасці, што гаварыць пра яго як пра феномен абсалютна правамерна, нягледзячы на тое, што некаторыя перакладчыкі і перакладазнаўцы адмаўляюць яму ў выключнасці (з даклада літаратуразнаўцы Наталлі Якавенкі «Спецыфіка мастацкага перакладу з блізкароднасных моў: тэарэтычны аспект»).
Прапануем некалькі мастацкіх кніг з фонда краязнаўчага цэнтра.
«Песня аб паходзе Ігара» (пераклад Янкі Купалы, мастак Павел Татарнікаў);
«Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай. Беларуская польскамоўная паэзія ХІХ стагоддзя» (пераклад Уладзіміра Мархеля, Віктара Шніпа, Ірыны Багдановіч і інш.);
«Беларусь мяне збеларушвае. Словы любові» (пераклад Рыгора Барадуліна);
«Славянскі світанак» Рышарда Курыльчыка (пераклад Анатоля Бутэвіча);
«Вяртанне» Рышарда Капусцінскага (пераклад А. Шушко);
«Беларуская Александрыя, Троя, Трышчан…: перакладная белетрыстыка Беларусі ХV – XVII стст.» (пераклад Алеся Бразгунова);
«Мае браты, мае суседзі: творы пісьменнікаў блізкага замежжа» (пераклад Максіма Лужаніна, Вячаслава Рагойшы, Максіма Танка, Янкі Брыля і інш.);
«Пад адным небам» Ганада Чарказяна (пераклад Міколы Мятліцкага, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Марука, Валерыя Ліпневіча).
З серыі «Скарбы сусветнай літаратуры» творы Элізы Ажэшкі (пераклад Анатоля Бутэвіча), Джорджа Байрана (пераставарыў на беларускую Уладзімір Скарынкін), Альбэра Камю (пераклад Зміцера Коласа).
Пераклады класікаў беларускай літаратуры: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Танка, Альберта Паўловіча, Валянціна Таўлая і іншых.
З калекцыі аўтографаў: «Хронікі Нарніі» К.С. Льюіса, «Папулярная музыка зь Вітулы» Мікаэля Ніемі (аўтографы перакладчыкаў Надзеі Кім і Вольгі Цвіркі адпаведна), «Піпі Доўгаяпанчоха» (пераклад Дзмітрыя Плакса з аўтографам Карын Німан, дачкі Астрыд Ліндгрэн).
Запрашаем у краязнаўчы цэнтр па добрае чытанне.
2021-11-24
