“Выдавецкі дом “Звязда” прапануе новыя кнігі вершаў.
Генадзь Бураўкін «Мой боль і запавет: вершы і песні»
У кнігу яркага, самабытнага беларускага пісьменніка Генадзя Бураўкіна ўвайшлі выбраныя вершы і песні з яго паэтычнай спадчыны. Творы прасякнутыя глыбокім веданнем жыцця, чалавечае душы, любоўю да роднай мовы, гісторыі нашага краю.
***
Калі ў маіх вершах знайсці
Вы раптам захочаце тое,
Чаго не бывае ў жыцці, –
Адкіньце жаданне пустое.
Я проста збярог між лістоў,
Як памяці светлай закладкі,
Засохлыя кветкі гадоў
І мар незавялыя згадкі.
Я проста паклікаў з вясны
Наш бэзавы вецер ліловы,
Яшчэ не забытыя сны,
Яшчэ не сказаныя словы…
Я вас не абражу маной,
Не ўражу фантазіяй смелай.
Было гэта з вамі,
Са мной
Ці ў нашай душы набалелай…
Леанід Дранько-Майсюк «Скарб»
Скарб — не грошы і не багацце, а тая лірычная каштоўнасць, той канечны жыццёвы шлях, якому заўсёды сугучныя журба і весялосць, лагода і хваляванне, таямнічасць і зразумеласць, рухавасць і супакаенне, устойлівыя вобразы і нязвыклая вершаваная мова...
Аб тым, што гэта так і што гэта нязменна, сведчыць паэтычная кніга Леаніда Дранько-Майсюка, якой аўтар даў невыпадковую назву «Скарб».
У ЛІСАБОНЕ
Там, дзе бывае ціха зусім, ціха зусім,
Я разумею: дом – гэта дом, дым – гэта дым…
Самае лепшае там, дзе імгла, –
Падабацца ўсім,
Падабацца ўсім;
Самае горшае ў полі святла –
Заставацца нікім,
Заставацца нікім…
У Лісабоне якраз і было ціха зусім, ціха зусім,
Думанне тое ж: дом – гэта дом, дым – гэта дым…
Зведаў навуку самому сабе
Уяўляцца чужым,
Уяўляцца чужым –
Тым, што стаіць пры жабрацкім стаўпе
З кубкам пустым,
З кубкам пустым…
2021-08-11