Краязнаўчы цэнтр прапануе новыя нумары «Полымя» і «Маладосці».
На вуснах – горкі прысмак палыну.
Жыццё сваю губляе вышыню.
Гады кудысьці сцішана сплываюць,
знікаюць,
бы ў тумане караблі.
Радкі і душы ў небе паміраюць.
Іх боль
не далятае да зямлі…
Мікалай Намеснікаў
У новым нумары «Полымя» вас чакаюць вершы Міколы Маляўкі, Валянціны Гіруць-Русакевіч, Мікалая Намеснікава (у перакладзе з рускай Міколы Шабовіча); проза Вітаўта Чаропкі, Алеся Кажадуба; навуковыя публікацыі Зоі Траццяк («Спецыфіка ўвасаблення матыву «навалы-кантынуума» ў трылогіі «Гаспадар-камень» Генрыха Далідовіча») і Вольгі Судлянковай («Матыў траўмы ў рамане Людмілы Рублеўскай «Дагератып»); крытычны артыкул Уладзіміра Гніламёдава і Міколы Мікуліча «Сучасная рускамоўная паэзія Беларусі», артыкулы Вячаслава Рагойшы «Эцюды памяці» і Зіновія Прыгодзіча «Над Вісліцай».
Лісцё клёну – сляды маляўнічага лета,
Што сышло без пары, як пакрыўджаны госць.
А каштан у далоні – малая планета,
Што вяртае ў дзяцінства. А дзе ж маладосць?
Маладосць – ля даўно не маленькай асіны,
Што стаіць адзінока на ўскрайку сяла…
(урывак з верша Кацярыны Роўды)
«Маладосць» прапануе зачытацца калумністыкай Канстанціна Касяка, Юльяны Пятрэнкі, Людмілы Рахматулінай, Дзмітрыя Шаўлюка, Сяргея Шаматульскага; паэзіяй Цімура Буйко і Кацярыны Роўды; прозай Дар’і Значонак, Алеся Яфімава, Маргарыты Латышкевіч; крытычнымі артыкуламі Дар’і Значонак і Кацярыны Масэ; публіцыстычнымі артыкуламі Ганны Варонкі, Марыі Страх, Кірыла Мяцеліцы. І шмат іншым!