Sidebar

21
Ср, Сту

Беларускія казачнікі дзецям

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

16 кастрычніка ў дзіцяча-юнацкі  аддзел цэнтральнай бібліятэкі на мерапрыемства “Беларускія казачнікі дзецям” прыйшлі вучні 4 “А” класа ДУА “Гімназія № 3 г. Барысава”.

Бібліятэкар-краязнаўца Ала Смірнова з дапамогай электроннай прэзентацыі “Шануй сваё мінулае” паведаміла вучням пра вядомых беларускіх аўтараў, якія пішуць цудоўныя казкі для маленькіх.

Па-першае бібліятэкар пазнаёміла дзетак з новай кнігай беларускай пісьменніцы Лёлі Багдановіч “Зорныя арэлі”. У новым зборніку прадстаўлены казкі, якія вучаць юных чытачоў быць дабрасумленнымі, шчырымі, уважлівымі, працавітымі, ветлівымі, а таксама цаніць сяброўства, марыць, заўважаць прыгажосць. Творы паспрыяюць выхаванню ў дзяцей паважлівых адносін да старэйшых, любові да жывёльнага і расліннага свету, родных мясцін, імкнення рабіць дабро і дарыць радасць. У кнізе выкарыстаны беларускія прыказкі і прымаўкі. Таксама Ала Смірнова нагадала і былыя зборнікі казак пісьменніцы: “Казка ў жыцці падказка”, “Скарбы зямлі беларускай” і “Зорныя карункі”.

Да спадобы нашым маленькім чытачам прыйшліся таксама кнігі Надзеі Ясмінскай. З задавальненем дзеці паслухалі казку “Чаму Меша не мае хаты” і даведаліся, хто ж такі Меша, адкуль у яго чорная поўсць, калючы нораў і, галоўнае, чаму Меша пакінуў сваю цёплую печку і цяпер не мае хаты.

Наступны аўтар, з якім пазнаёміліся вучні, была беларуская дзіцячая пісьменніца-казачніца Алена Масла, якая піша казкі для дзяцей і падлеткаў. Яе творчасць прадстаўлена такімі цудоўнымі творамі, як - «Мяне завуць Лахнэска», «Пацучок Фэлік падарожнічае»,  «Таямніца закінутай хаты» і іншымі.

А далей нашы гімназісты пазнаёміліся з цудоўнай казкай Наталлі Бучынскай “Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй” і даведаліся, што Адэля працуе на сакавітым лужку непадалёк ад вялікага горада. Яна, вядома ж, працуе авечкай і гадуе шаўкавістую воўначку на прыгожыя швэдры, сукенкі і цёплыя валёнкі. А яшчэ Адэля бясконца трапляе ў надзвычайныя сітуацыі: ідзе ў самаволку, піша лісты ў “Грынпіс”,  трапляе ў міліцыю…

Яшчэ бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з казкамі Тамары Бунта і Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. А на прыканцы сустрэчы прычытала казку Алены Стэльмах “Павучок Славік”.

Нашым маленькім чытачам вельмі спадабалась мерапрыемства і яны ўзялі да дому  пачытаць казкі беларускіх пісьменнікаў-казачнікаў.

 

Падрыхтавала Ала Смірнова.

 2025-10-21