Sidebar

18
Сб, Кра

Персанальная выстава Анастасіі Балыш «У сэрцы б’ецца Беларусь»

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

Маючы прафесійны мастацкі стаж 15 год, у сваіх творах мастачка, пра якую пойдзе гаворка, прытрымліваецца надзвычайнай дасканаласці і гармоніі асобы. Для мяне яна аказалася цікавым суразмоўцам, у якога шчырасць і ўдумлівасць выступае на першы план. Цікавая, прыгожая жанчына, маці двух сыноў і дачушкі, яна ўлюблёная ў жыццё і дорыць свой пазітыў усім, хто побач, незалежна ад таго, ведае яна людзей ці не. У галерэі «З’ява» Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева з 15 чэрвеня дзейнічае персанальная выстава мастачкі Анастасіі Балыш «У сэрцы б’ецца Беларусь».

2023-06-22 

Анастасія Балыш – сябра Беларускага саюза мастакоў, старшыня секцыі Беларускага саюза мастакоў, сябра Еўразійскай мастацкай садружнасці. Жыве і працуе ў старажытным горадзе Мінскай вобласці Заслаўе, займаецца жывапісам, іканапісам, ілюстрацыяй, стварэннем артаб’ектаў, а таксама праводзіць розныя культурныя мерапрыемствы, курыруе выставы і выкладае выяўленчае мастацтва ў студыі мясцовага цэнтра мастацкай творчасці. З 2008 года выстаўляецца ў складзе рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, за мяжой, заўсёды ўдзельнічае ў праектах Беларускага Саюза мастакоў.

 – Малюю з дзяцінства. Пасля заканчэння вуза маляванне стала прафесіяй. Нават гэта больш, чым прафесія, гэта лад жыцця, пад гэта падбудоўваецца і мая сям’я, і ўсё, здаецца, наваколле спрыяе таму, каб я малявала, – дзеліцца Анастасія Іванаўна. – У маёй мамы, медыцынскага работніка, былі добрыя задаткі да малявання, і менавіта ад яе ў мяне мастацкая прага і выхаваны ёю эстэтычны густ. Прафесійных мастакоў у сям’і пакуль больш няма. Але сярэдні сын Альгердзік падае пэўныя намеры на тое, каб быць мастаком, і гэта радуе.

Асноўны стыль малявання мастачкі – рамантычны наіў, шчырае, інтуітыўнае мастацтва, якое ідзе ад душы. Гэта не толькі закладзена ў дзяцінстве, але падтрымана і замацавана ўніверсітэцкім выкладчыкам Віктарам Данілавым, з якім яна сябруе і зараз, сумесна робіць розныя мастацкія праекты. Яшчэ натхняецца ў заслаўскім творчым асяродку. Ён спрыяе развіццю беларусчыны, робіць яшчэ лепшым густ мастацтва. Дапамагаюць ёй і вопыт мастацтвазнаўцы Таццяны Гаранскай, і творчая ўзнёсласць мастака Віктара Маркаўца. А яшчэ нядаўна ў Заслаўі адчыніў дзверы музей маляванага дывана: усе мастакі там натхняюцца творчасцю, у тым ліку і Анастасія Балыш. Дарэчы, у нашай гераіні ёсць захапленне – спевы, што таксама дапамагае ствараць цікавыя вобрзы на палатне.

Між іншым, што тычыцца карцін мастачкі, трэба адзначыць: Анастасія манументальных вялікіх прац не стварае і падлік карцін не вядзе. У якасці мастацкага ілюстратара паспяхова выступіла ў 26 кнігах: супрацоўнічала з беларускімі пісьменнікамі Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, Генадзем Аўласенкам, Дзмітрыем Мікалаевым, Таццянай Дамаронак і інш. Хутка ў тыпаграфіі выйдзе сучасная цікавая апрацоўка ў вершах пра Чырвоны капялюшык аўтаркі з Амерыкі Аліны Вертэ.

– Любімая і лепшая карціна – крайняя – «Парфірый Заслаўскі». Яна актуальная для мяне і эмацыйна трымае. Прысвечана Заслаўскаму нябеснаму заступніку, свяшчэннапакутніку Парфірыю Заслаўскаму, які родам з Палесся, у гэтым годзе святкуе 140-годдзе з дня нараджэння і 80 год з дня пакутніцкай смерці. «Парфірый Заслаўскі» створаны ў тэхніцы маляванага дывана, на палатне ён стаіць каля Спаса-Прэабражэнскага сабора, дзе служыў. На чорным фоне пакладзены стракатыя яркія колеры і абразок Казанскай Божай маці, бо пасля выгнання святы служыў у капліцы Казанскай Божай маці, – тлумачыць мастачка. – Тэма хрысціянства – важны кірунак у маёй працы, і я адчуваю крэпкую сувязь з нашым святым. Каб перадаць годнасць і высакароднасць беларускай культуры, шмат карцін прысвячаю гэтай тэме.

Праца «Парфірый Заслаўскі» прадстаўлена ў «З’яве». Разам з ёй – жывапіс, ілюстрацыі да кнігі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Казкі сівой даўніны», цікавыя артаб’екты ў асабістай тэхніцы стужкапіс. Пра іх трэба сказаць асобна: на Палессі Анастасію кранула і зачапіла традыцыя мясцовых жыхароў павязваць рознакаляровыя стужкі на сакральных месцах – так з’явіўся ў яе творчасці стужкапіс.

Усе каля 20 прадстаўленых работ уражваюць – і экспазіцыя цалкам, і кожны экспанат асобна. Чаму назва выставы «У сэрцы б’ецца Беларусь»? Адказ напрошваецца сам: Беларусь б’ецца ў сэрцы майстра, трымае энергію яго мастацтва, жыцця, любай краіны.

Анастасія Балыш жадае быць пачэснай з сабой, рабіць па жыцці тое, што хоча, і каб нішто гэтаму не замінала. А хоча яна тварыць! Мастачка плануе намаляваць партрэт Уладзіслава Сыракомлі, якому ў гэтым годзе спаўняецца 200 год. І марыць, каб гэты партрэт стаў ілюстрацыяй да якога-небудзь выдання пра гэтага паэта, гісторыка і краязнаўцу. Няхай усе яе жаданні спраўдзяцца!

Выстава «У сэрцы б’ецца Беларусь» працуе да 6 жніўня выключна.

Алена БРЫЦКАЯ