25 лістапада ў рамках праекта ДУК “Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка ім. І.Х. Каладзеева» па эстэтычнай асвеце дзяцей і моладзі «Арткалегіум» супрацоўнікі аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці правялі для навучэнцаў 1 курса УА «Барысаўскі дзяржаўны медыцынскі каледж» творчую сустрэчу з удзельнікам выставачнага праекта «Барысаўскі каларыт» Наталляй Царык.
2023-11-27
Кандыдат мастацтвазнаўства і настаўнік ДУА «Дзіцячая мастацкая школа імя А.А. Анікейчыка г. Барысава» Наталля Анатольеўна Царык, з'яўляецца пастаянным удзельнікам папулярнага праекта, аўтарам персанальных мастацкіх выстаў. Яна расказала маладым людзям пра творчыя работы сваіх выпускнікоў 503 групы 2023 года, якія дэманструюцца ў галерэі «ARTквартал». Іх пейзажы, нацюрморты, кампазіцыі і калажы таксама заяўлены ў праекце. Яе расказ зацікавіў гасцей і шматгранна раскрыў аўтарскую канцэпцыю жывапіснай міфалагічнай серыі.
У працэсе экскурсійнай праграмы маладыя людзі пазнаёміліся з творамі майстроў, выкананых у розных жанрах. Будучыя медыкі даведаліся пра творчасць розных пакаленняў мастакоў Барысаўшчыны. Высокую глядацкую адзнаку атрымалі маляўнічыя пейзажы Станіслава Баяранкі, Валерыя Гінца, Таццяны Каландырэц, Сцяпана Клімчука, Дзмітрыя Пятровіча, і іншых аўтараў. Нашы наведвальнікі захапіліся непаўторнай прыгажосцю Барысаўшчыны ў творчасці Сяргея Ткачова, Барыса Цатурава, Генаддзя Ганчаронка, Ірыны Гінц, Таццяны Сергіенкі. Кампазіцыі Сяргея Лагачова, Віктара Бялова, Рамана Бурмакова, Таццяны Савік шчыра ўразілі гасцей мерапрыемства. Па традыцыі, творчая сустрэча завяршылася абменам уражаннямі і фотасесіяй.