У гарадской бібліятэцы №6 арганізавана кніжная выстава «Арыгінальнасць таленту» да 80-годдзя з дня нараджэння Юрыя Станкевіча.
Станкевіч Юры Васільевіч нарадзіўся 21 студзеня 1945 года ў Барысаве. Працаваў на фабрыках і заводах, вучыўся ў вячэрняй школе, скончыў факультэт журналістыкі БДУ (1969). Працаваў у Барысаўскай аб’яднанай газеце «Камуністычная праца», у часопісх «Маладосць», «Крыніца». Літаратурную дзейнасць пачаў у 1988 годзе. Аўтар кніг прозы: «Луп» (1988), «Анёлы на бальшаку» (1992), «Армагедон 1895» (2000), «Апладненне ёлупа» (2005), «Мільярд удараў» (2008), «П’яўка» (2010), «Шал» (2012), «Брамнік заўжды свабодны» (2014), «Паўночны вецер для спелых пладоў» (2015) і інш. Раман «Любіць ноч – права пацукоў» (2000) прынёс яму прызнанне на радзіме і за яе межамі. Юры Станкевіч – надзвычай цікавы, часам цяжкі аўтар, ён прынёс на старонкі беларускай літаратуры новую манеру пісьма і новы светапогляд. Яго творы ва ўсіх жанрах – жорсткія, алегарычныя, прытчавыя – дапамагаюць асэнсаваць многія праблемы жыцця сучаснага чалавека. Галоўныя героі большасці раманаў Станкевіча – схільныя не да развагаў, а да дзеянняў, воляй лёсу кінутыя ў самыя нечаканыя абставіны, часам на мяжы выжывання, змагаюцца за сваю годнасць, жыццё і годнасць сваёй Бацькаўшчыны. Апакаліптычная атмасфера ягоных тэкстаў часам шакуе ўразлівых чытачоў, а бліскучую алегарычнасць адзначаюць нават тыя, хто не адносіць сябе да прыхільнікаў ягонай прозы.
На выставе прадстаўлены матэрыял аб жыцці і творчай дзейнасці Юрыя Станкевіча. Выстава будзе дзейнічаць да 10 лютага.

Падрыхтавала Алена Цыбулька.
2025-01-22
