З 13 лютага да 28 сакавіка ў гарадской бібліятэке № 1 працуе кніжная выстава "Прага высокай духоўнасці” прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі (1925–2006).
У семнаццацігадовым узросце будучы пісьменнік уключаецца ў падпольнае змаганне з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, потым працягвае гэту барацьбу ўжо як сувязны і баец партызанскай брыгады імя П. К. Панамарэнкі, разведчык дэсантнай групы. Са снежня 1943 года І. Я. Навуменка знаходзіцца ў радах Савецкай Арміі, удзельнічае ў цяжкіх баях на Карэльскім перашыйку і заканчвае вайну ва Усходняй Прусіі і Сілезіі.
Памяць пра ваеннае ліхалецце пісьменнік пранёс праз усё жыццё. Падзеі вайны, гераічная барацьба супраць нямецкіх захопнікаў ляглі ў аснову многіх яго твораў. І адлюстраваны яны на высокім мастацкім узроўні. Зборнікі апавяданняў пісьменніка “Семнаццатай вясной”, “Хлопцы-равеснікі”, аповесць “Вайна каля Цітавай копанкі” сталі яскравай старонкай беларускай літаратуры. Галоўнае пытанне, на якое шукае адказ у сваіх творах пісьменнік: а ці можа заставацца чалавек чалавекам у жорсткіх і абсурдных абставінах ваеннага кровапраліцця? Яго раманы “Смутак белых начэй”, “Сасна пры дарозе”, “Вецер у соснах”, “Сорак трэці” і сёння служаць высокароднай справе выхавання маладога пакалення.
Прадстаўлены на выставе і даследчыя матэрыялы І. Навуменка, прысвечаныя творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, З. Бядулі і іншых беларускіх пісьменнікаў.

2025-02-13
