Прапануем новыя кнігі выдавецтва «Мастацкая літаратура»
Янка Брыль «Збор твораў. У 10 тамах. Т. 3. Аповесці, 1942–1977»
Трэці том першага навукова каментаванага Збору твораў народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля склалі яго раннія аповесці, як і большасць твораў пісьменніка, аўтабіяграфічныя. У кнізе змешчаны таксама гісторыка-літаратурны агляд.
Гэтыя хрэстаматыйна вядомыя творы з’явіліся асновай эвалюцыі стылю знакамітага ва ўсім свеце майстра лірычнай прозы. Для больш шырокага і паглыбленага разумення сакрэту таленту і папулярнасці кніга дае новыя магчымасці і перспектывы.
Алесь Жук «Свята дажджу»
«Нi ад чаго гэтак не балiць душа, нiчаму гэтак не радуецца, як роднаму свайму полю, якое праплыве пад шызым крылом тваiм...»
Прыпавесць пра Апошняга Жураўля можна назваць лейтматывам прозы выдатнага беларускага пiсьменнiка Алеся Жука. У кнігу лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі ўключана кніга аповесцей «Праклятая любоў» у апошняй рэдакцыі і апавяданні апошняга часу.
Алесь Карлюкевіч «Крыніцы святла»
У кнізе «Крыніцы святла», у якую ўвайшлі артыкулы, гутаркі розных гадоў, пісьменнік і журналіст Алесь Карлюкевіч расказвае пра стасункі літаратуры Беларусі з мастацкім словам іншых краін. Найперш – з нацыянальнымі літаратурамі постсавецкай прасторы. Што цікавае перакладчыкам іншамоўнага свету ў паэзіі і прозе Беларусі? Якія выразныя рысы маглі б знайсці чытацкую ўвагу ў беларускім прачытанні, напрыклад, літаратур народаў Расіі ці Кітая? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні шукае аўтар разам са сваімі далёка не выпадковымі і цікаўнымі да Беларусі суразмоўцамі.
Для шырокага кола чытачоў.
Ігар Грэчка «Тут пачынаецца Радзіма»
У кнізе змешчаны апісанні вынікаў падарожжаў рэдактара аддзела праблем выхавання «Настаўніцкай газеты» Ігара Віктаравіча Грэчкі па Беларусі ў рамках праекта «Родная зямля». Аднайменная рубрыка ў «Настаўніцкай газеце» рэгулярна выходзіць з 2009 года, які быў аб’яўлены ў краіне Годам роднай зямлі. Першы матэрыял выйшаў пра Калінкавіцкі раён, на тэрыторыі якога каля Юравіч знаходзіцца стаянка першабытнага чалавека. 3 сакавіка 2009 года па верасень 2018 года ў рамках праекта было наведана 89 раёнаў. Падарожжы працягваюцца...
