Атрымаць дакумент з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі стала яшчэ прасцей!
У Год якасці Нацыянальная бібліятэка прадаставіла аддалены доступ да лічбавых копій дакументаў з яе фондаў, рэалізаваўшы праект па стварэнні аўтаматызаванай сістэмы “Электронная бібліятэка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”.
Праект рэалізуецца ў некалькі этапаў. На першым этапе ў анлайн-прасторы сталі даступны кніжныя выданні, аўтарэфераты дысертацый і дысертацыі, ноты, плакаты, эстампы, паштоўкі і іншыя выяўленчыя матэрыялы. Усяго – больш за 130 тыс. дакументаў на розных мовах свету, у тым ліку больш за 15 тыс. – у адкрытым доступе.
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб аўтарскім праве і сумежных правах” матэрыялы прадастаўлены ў адкрытым і абмежаваным доступе. Дакументы ў адкрытым доступе можна праглядаць у любым зручным месцы і спампоўваць у фармаце pdf. Дакументы з абмежаваным доступам можна праглядаць у чытальных залах бібліятэкі або атрымліваць іх фрагменты з дапамогай службы электроннай дастаўкі дакументаў.
Зарэгістраваныя карыстальнікі могуць скарыстацца сэрвісам асабістага кабінета, які дазваляе захоўваць пошукавыя запыты, фарміраваць спісы неабходных выданняў з магчымасцю іх сартавання па групах або падборках, заказваць арыгінал дакумента для працы ў чытальных залах бібліятэкі.
Колькасць дакументаў, прадастаўленых у аўтаматызаванай сістэме “Электронная бібліятэка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”, пастаянна павялічваецца.
Рэсурс даступны па адрасе https://elib.nlb.by.
Крыніца: НББ