Падзею, якая праходзіла 10-11 чэрвеня ў Навагрудку (на захадзе Беларусі), арганізавалі ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, аддзел культуры Навагрудскага райвыканкама, ДУК «Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага». У складзе дэлегацыі нашай установы культуры ў чытаннях прымалі ўдзел дырэктар бібліятэкі Алена Капыток, яе намеснік Святлана Шчэрба, загадчык аддзелу бібліятэчнага маркетынгу Людміла Канашэўская.
У мерапрыемствах удзельнічалі супрацоўнікі Міністэрстваў культуры і адукацыі Рэспублікі Беларусь, спецыялісты Нацыянальннай бібліятэкі Беларусі, прадстаўнікі абласной і мясцовай выканаўчых улад, работнікі абласных і рэгіянальных бібліятэк, гісторыкі, краязнаўцы, навукоўцы.
У час афіцыйнага пасяджэння на чытаннях у Навагрудскай раённай бібліятэцы абмяркоўваліся многія важныя пытанні бібліятэчнай справы нашай краіны, тэндэнцыі развіцця і перспектывы публічных бібліятэк Беларусі, творчыя здабыткі культурна-асветніцкіх устаноў Навагрудчыны, іншыя пытанні. Дыскусійная дзейнасць чытанняў размеркавала ўдзельнікаў на дзве самастойныя секцыі. Прычым кожны дакладчык па традыцыі дзяліўся каштоўным вопытам работы сваёй установы і адначасова звяртаў увагу на тыя напрацоўкі іншых бібліятэк, якія магчыма прымяніць у межах праектаў сваёй установы. Дзяліцца вопытам, вучыцца і падводзіць вынікі ўзаемаабмену прафесійных сустрэч – безумоўна, неабходна!
У час працы першай разглядаліся «Актуальныя пытанні бібліятэчнай справы: стратэгічныя накірункі дзейнасці». У «сетцы» дакладаў калег з Гомеля, Светлагорска і Навагрудка прагучаў і даклад кіраўніка Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева Алены Капыток, які называўся «Публічныя бібліятэкі Барысаўскага раёна: прыярытэтныя накірункі ў дзейнасці».
Другая секцыя «Кніжныя помнікі Гродзеншчыны» сабрала выступленні супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Праграма V Шчорсаўскіх чытанняў мела і цікавую анімацыйна-забаўляльную частку. Адкрытыя прагляды літаратуры, міні-музею макетаў «Страчаная спадчына» і рэтра-фотаатэлье, а таксама наведванне Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку і Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра ў аг. Шчорсы Навагрудскага раёна, экскурс па былой сядзібе графаў Храптовічаў у Шчорсах, знаёмства з літаратурна-музычнай кампазіцыяй «Гістарычныя постаці мінулага», любаванне мясцовымі краявідамі – усё гэта аздобіла аксамітны «смак» незабыўнай паездкі. Цудоўна, што і надвор’е паспрыяла добраму настрою!
Алена БРЫЦКАЯ
![]() |
2021-06-16