Табе мы рады пакланіцца,
Скарына, сэрцаў валадар,
За кніжак вечную крыніцу,
За гэты твой цудоўны дар…
Надзея Ярмак
Францыск Скарына нарадзіўся і жыў у цікавы час, які сёння мы называем эпохай Адраджэння. Ён быў адным з першых дзеячаў Усходняй Еўропы, які добра зразумеў вялікую гістарычную місію друкаванай кнігі як магутнага сродку культурнага прагрэсу чалавецтва і глыбока адчуў, што кніга патрэбна яго народу не менш, чым хлеб. Яна – неацэнны скарб чалавечай мудрасці, «маці і настаўніца ўсіх добрых спраў», гаючыя «лекі для душы» – так казаў Скарына.
Пабываўшы ў многіх краінах, шмат чаго пабачыўшы і спазнаўшы, дасягнуўшы вяршынь еўрапейскай адукаванасці і вучонасці, сын полацкага купца аддаў усе свае сілы, веды і энергію той вялікай справе, якую палічыў самай высокай і ў якой убачыў галоўны сэнс свайго жыцця, – перакладу Бібліі на родную мову і заснаванню ўсходнеславянскага кнігадрукавання.
3 верасня 2023 года адзначаецца Дзень беларускага пісьментсва. З гэтай нагоды ў аддзеле бібліятэчнага маркетынгу аформлена кніжная выстаўка-інсталяцыя «Справа Скарыны – спадчына чалавецтва», якая складаецца з 4 раздзелаў: «Адкуль азбука пайшла», «Са слаўнага горада Полацка», «Верныя кніжнай справе», «Першадрукару прысвячаецца». Выданні, размешчаныя на выстаўцы, дапамогуць чытачу пазнаёміцца з жыццёвым шляхам і дзейнасцю першадрукара, выдаўца, пісьменніка, тэолага, вучонага, лекара і грамадскага дзеяча – Францыска Скарыны, а таксама асветнікаў, якія плённа прадоўжылі яго традыцыі.
Экспазіцыя ўключае і мастацкія творы, прысвечаныя нашаму суайчынніку: літаратурна-бібліяграфічны нарыс А. Клышкі «Францыск Скарына, альбо Як прыйшла да нас кніга», раман-эсэ А. Лойкі «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае», аповесці, вершы, нарысы М. Багдановіча, М. Гарэцкага, У. Караткевіча, Я. Купалы, Г. Бураўкіна, Н. Гілевіча і іншых таленавітых пісьменнікаў.
Па волі лёсу здарылася так, што сэрца Францыска Скарыны спынілася далёка ад роднай Беларусі, але і праз стагоддзі да нас даходзіць святло яго імя і спраў.
Падрыхтавала А. Скарына
2023-08-17