У гарадской бібліятэцы №6 арганізавана кніжная паліца “Жыццё як служэнне Бацькаўшчыне” да 80-годдзя з дня нараджэння В. Іпатавай.
У сваіх блуканнях
ні на міг.
Я радасці не знаў!
Сумуе вечна чалавек
па роднае зямлі.
Нарадзілася Вольга Іпатава ў пераможным 1945 годзе, аднак дзяцінства яе пазначана асабістай трагедыяй. Яна рана страціла маці. Жыццё ў бабулі, сям’я бацькі і мачыхі, у дзіцячым доме – гэта той асяродак, маральная атмасфера, у якіх праходзіла яе дзяцінства і юнацтва. Яна рана адчула сваю самастойнасць, навучылася разумець і пераадольваць цяжкасці, сама вымушана была прабіваць дарогу, што абумовіла ў далейшым актыўную грамадзянскую пазіцыю. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ працавала на Гродзенскай студыі тэлебачання, настаўніцай на Віцебшчыне, пераехаўшы ў Мінск працуе ў ЛіМЕ, “Чырвонай змене”, галоўным рэдактарам літаратурна-драматычных перадач Беларускага тэлебачання, у часопісе “Спадчына”, а на пачатку 90-ых гадоў стварае газету “Культура”
Друкавацца Вольга Іпатава пачала ў 1959 годзе. Яе пісьменніцкім крэда заўсёды была праўда жыцця, праўда людзей, пачуццяў, чалавечых лёсаў, выказаная праз шчырае, сумленнае слова В. Быкаў у прадмове да першага зборніка апавяданняў і аповесцей Вольгі Іпатавай назваў яе прозу тварэннем прыроджанага празаіка. В. Іпатава паспяхова распрацоўвае гістарычную тэматыку. Яе пяру належаць аповесці “Прадыслава”, “За морам Хвалынскім”, “Агонь у жылах крэмню”, раман “Залатая жрыца Ашвінаў”, аповесць “Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба” і інш. Проза В. Іпатавай паказвае жыццё народа не аднамерна, а ў праявах мінулага і сённяшняга, сцвяржае высокую інфарматыўнасць і павучальнасць гісторыі, вяртае сучаснікам гістарычную памяць. Наколькі мы моцна звязаны з роднай зямлёй, з народам? Ці ўсё робім для таго, што можам? Ці так мы жывём, як трэба? Гэтыя і многія іншыя пытанні сталі лейтматывам яе кніг. На кніжнай паліцы прадстаўлены матэрыялы аб жыцці і творчай дзейнасці В. Іпатавай. Кніжная паліца будзе дзейнічаць да 2 лютага.
Падрыхтавала Алена Цыбулька.

