З 4 студзеня ў дзіцяча-юнацкім аддзеле цэнтральнай бібліятэкі дзейнічае кніжная выстава «Казачная мазаіка».
Выстава накіравана на прыцягненне дзяцей да чытання беларускіх кніг і таму на ёй шырока прадстаўлены творы беларускіх аўтараў на роднай мове.
Увагу наведвальнікаў бібліятэкі прыцягнуць кнігі пісьменнікаў-класікаў: Змітрака Бядулі «Бліночак з неба» і «Сярэбраная табакерка», Янкі Брыля «Сняжок і Волечка», Эдзі Агняцвет «У свеце дабрыні».
Пра родную краіну дзеці даведаюцца з кнігі Раісы Баравіковай і Уладзіміра Ліпскага «Пра Бусю, які жыве на Беларусі».
Не пакінуць без увагі вялікія і маленькія чытачы кнігі серыі «Жывая класіка дзецям», прадстаўленай аўтарамі Васілём Віткам, Аленай Васілевіч, Артурам Вольскім і Максімам Багдановічам, а таксама серыя кніг «Бібліятэкі часопіса «Вясёлка». На працягу ўсяго года будзе суправаджаць дзяцей серыя кніг «12 месяцаў», распавядаючы пра асаблівасці таго ці іншага месяца.
Творы сучасных беларускіх аўтараў: Генадзя Аўласенкі – «Як сем сыноў лесніка чорта перахітрылі», Алеся Марціновіча – «Казкі сабачкі Альмы», Кацярыны Хадасевіч-Лісавой - «Зорка нябесная, зорка зямная», «Вухуцік і дзіва», Таццяны Дамаронак - «Добрыя справы» таксама будуць цікавыя наведвальнікам бібліятэкі.
Выстава будзе дзейнічаць па 30 студзеня.

Падрыхтавала Аксана Кудзіна.
2025-01-09
